Калі ж учынілі яны ўначы напад, яе замкнулі, так што сама яна пасведчыць не можа, але ж бацька ейны ўчора сказаў, што гэта былі менавіта тыя тры ўрвіцелі. Шынкароўне шкада гэта казаць, аднак жа ў забойстве жоўтаквіточніцы вінаваты яе бацька. Зразумела ж, не наўпрост, але калі яго мучылі, ён прызнаўся, хто прынёс манету, хаця яе бандыты і не знайшлі.
Якія ж страшныя людзі! Вядома, кабета гэтая займалася брудным рамяством, аднак ніхто не заслугоўвае такой смерці. Кажуць, што забітая яна была вельмі люта, але ж шынкароўна не будзе марнаваць паперу на пераказванні розных жахаў, бо мусіць перадаць значна важнейшае. Рысы ўрвіцеляў яна добра запомніла, і больш за тое: упэўнена, што супадуць яны з апісаннем бандытаў, якія прыходзілі да фурмана, – мусіць жа, жонка ягоная іх пацвердціць, бо чула дзяўчына, што толькі цудам не забілі і ўсю яго сям’ю, значыцца, бачылі ўсіх трох не толькі Рахель і яе бацька. Першы – маладзенькі яшчэ хударлявы хлопец з рудаватым валоссем, другі – удвая старэйшы, асаблівых прыкмет з твару не мае, але ж ёсць у яго загана: на левай руцэ не хапае аднаго пальца. Што ж тычыцца трэцяга, дык той увогуле цыган, а на мордзе гіцальскай (яшчэ адно прабачэнне!) – шнар.
Яўгенія Канстанцінаўна адчула, як прабегся халадок па яе спіне. Яна перачытала апошнія радкі, ды з’явіўся перад ёю прывід Міро. Дык вось навошта ён пытаўся пра золата… Панна Пракшына з імгненне паразважала і вырашыла, што адзінае выйсце з ейнага становішча – неадкладна страціць прытомнасць.
Раздзел IX
Ляжаць доўга ў непрытомнасці ў панны Пракшыной не атрымалася. Усё ж такі нельга кіравацца выключна
– Як толькі можна паводзіцца да такой ступені
– Нікому я галавы не тлуміла, madame, і ўвогуле: называйце яго так, як ён сам гэтага патрабуе! – адгыркнулася Яўгенія Канстанцінаўна.
– О, яна сама бязвіннасць! – грымнула пані Канстанцыя. – Тваё недарэчнае какецтва, Прошкіна, толькі адштурхне яго і зменіць усе намеры.
– Ды якія намеры? – усклікнула дзявіца. – Навошта вы гаворыце так, быццам ён ужо зрабіў прапанову?
Цяпер, напэўна, і не зробіць. А мабыць, гэта і да лепшага? Асабліва ўлічваючы апошнія факты: гэта суцэльны жах – жыць з небяспечным чалавекам! Што, калі раптам ён загадае Міро расправіцца і з ёй? Панна Пракшына села на канапу і жаласна ўсхліпнула:
– Няўжо вам так хочацца хутчэй пазбавіцца мяне?
Мяркуючы па тым, што выяўлялі абліччы бацькоў, яны таксама не надта ўхвалялі яе паводзіны, хаця і даводзілі гэта да ейнага сумлення, у адрозненне ад пані Канстанцыі, больш памяркоўна. Матухна, сцяўшы вусны, сувора торкала іголкай у пяльцы, а татухна засяроджана ўтаропіўся ў кнігу.
– Зусім мяне не любіце, – Яўгенія Канстанцінаўна зрабіла апошнюю спробу выклікаць спачуванне.
– Ну што ты, Джынні, – скарыўся пан Пракшын і абняў дачку, падсеўшы да яе. – Я даю табе абяцанне, што буду любіць цябе без аніякай залежнасці ад таго, што ты вырашыш рабіць далей. Хаця сказаць па праўдзе – ты толькі не крыўдуй – але ж з узнікненнем Андрэя Вікенцьевіча ў нашым жыцці я пачаў трошкі сумнявацца ў тваіх разумовых здольнасцях,
Ах так? З гэтым абвінавачваннем панна Пракшына ніяк не жадала мірыцца, а таму тут жа выдала і вынікі сваіх разважанняў датычна сувязі Штэйна з золатам, і на паведамленне ад шынкароўны не забылася – нават збегала па яго ў свой пакой ды зачытала сямейнікам услых, каб нічога не выпала з-пад іх увагі. Аднак калі набліжалася яна да завяршэння ліста, у Яўгеніі Канстанцінаўны раптам пачалі трэсціся рукі, ды толькі пра здагадкі аб Падгорскім дзявіца пакуль казаць не стала. Па-першае, ёй усё роўна ніхто зараз не паверыць – трэба прыберагчы асобныя навіны, і момант зусім не спрыяльны. Па-другое, ці ж мала на свеце цыганоў? Напэўна, проста прымроілася. Прыкметны шнар? Ды ў якога цыгана не будзе шнару! Хаця, насамрэч, нельга было сказаць, што панна Пракшына дастаткова бачыла прадстаўнікоў народу гэнага. І тым не менш валодаюць яны і халоднай зброяй, і пугай – толькі шчасліўчыкі, відаць, застаюцца без шнараў. Прынамсі, яна вельмі на тое спадзявалася.
Агучаныя ж сведчанні выклікалі сапраўдны
– Канстанцыя Тэафільеўна, паберажыце сэрца! – татухну давялося ўзвысіць голас, каб утаймаваць цешчу. – Мы не ведаем дакладна, ці ж ён напраўду Файнаў сын. Да таго ж ці мусяць дзеці адказваць за правіны бацькоў?