Па прыбыцці ў маёнтак Пракшыны вельмі здзівіліся. Акрамя Ганны Юр’еўны, якая праз апошнія здарэнні выглядала надта перапужанай, чакала прыезду гаспадароў і шынкароўна. Канстанцін Мікалаевіч нават падумаў, што гэта Джынні ў сваім лісце папярэдзіла дзяўчыну, і хацеў нават зрабіць дачцы заўвагу, каб не ўступала з той у занадта блізкае знаёмства. Але ж Рахель Гольц паведаміла, што ўчора выклікалі яе ў паліцэйскую часць для давання паказанняў, менавіта там яна і пачула, што мусяць Пракшыны неўзабаве наведацца ў павет ізноў. А прыйшла яна вось з якой прычыны: у турме не пушчаюць яе на спатканне са Штэйнам. Кажуць, што не можа быць у хрысціяніна, няхай і нямецкага веравызнання, стасункаў з габрэйкай, а калі і так, дык сувязь іхняя выключна непатрэбная. Слухаць далейшыя абразы Рахель палічыла для сябе немагчымым, а таму просіць у Канстанціна Мікалаевіча дазволу з’ездзіць разам з ім да інжынера, калі толькі пану будзе гэта зручна. Бо няма каму больш за яе заступіцца, а пабачыцца з Людвігам яна абавязана – не трывае больш шынкароўна жыць у няведанні, павінна яна пераканацца, што з жаніхом яе ўсё добра. Да таго ж, сабрала яна тое-сёе з ежы, каб перадаць яму, бо толькі дурны не здагадаецца, што ў турме не песцяць ласункамі.
Узяць перадачу татухна не адмовіўся, а вось каб ехаць з шынкароўнай на спатканне разам – адразу заўпарціўся: ну як гэта яны ўчыняць у турму цэлае паломніцтва? Тым больш, прыехаў ён па справе і мае да Штэйна некалькі сур’ёзных пытанняў, таму з рамантыкай трэ будзе пачакаць, пакуль інжынера не вызваляць. Аднак Яўгенія Канстанцінаўна з панам Пракшыным не пагадзілася – ну, як можа ён мець настолькі чэрствае сэрца? Ведае яна дакладна, што гэта не так, а проста татухна, відаць, з дарогі стаміўся і таму трошкі незадаволены. Вось зараз Гануля чаю прынясе, і адразу ён палагоднее, праўда?
Канстанцін Мікалаевіч паспрабаваў схавацца ад дачкі ў кабінет, але яна яго дагнала і там таксама нават не думала адчэплівацца. Як толькі татухна не разумее, што трэба дапамагчы шчасцю гэтых дваіх? Хіба ж сам не ведае, што гэта такое, калі душа баліць за каханага чалавека! Тут панна Пракшына на імгненне запнулася, бо і ў яе самой нешта зашчымела ў грудзях пры гэтых словах, але яна строга забараніла ўяўленню свайму ўмешвацца зараз у размову і працягнула літанію.
– У рэшце рэшт, daddy, я пачынаю падазраваць, што ты ставішся да гэтай дзяўчыны з незразумелай прадузятасцю! – заўважыла яна.
– Дый няма ніякай прадузятасці, Джынні, – адгукнуўся татухна. – Проста гэта ўсё пачынае аддаваць сапраўдным балаганам: прывід бацькі, няшчаснае каханне.
– Словы твае несправядлівыя, – упікнула яго Яўгенія Канстанцінаўна. – Вось Штэйну ты верыш і зычыш яму дабра, а Рахель – яго нявеста, чаму ж ты супраціўляешся яе сціплай просьбе? Ты толькі ўяві, колькі прыніжэнняў яна сцярпела за гэты час!
Татухна папыхкаў яшчэ крыху, але ж пагадзіўся. Насамрэч, чаму б і не дапамагчы небарацы?
– Вось і цудоўна! – аблічча Яўгеніі Канстанцінаўны асвяцілася ўсмешкай, чаго апошнія дні тры з ёй не надаралася дакладна. – І я з вамі паеду.
– Ты-то куды? – адчаканіў пан Пракшын.
Дзявіца пакрыўдзілася: няўжо ж не ясна, што мусіць яна набрацца ўражанняў, каб яе будучая проза зрабілася пераканаўчай ды рэалістычнай? Татухна дазволіў, але ж з тону яго падалося панне Пракшыной, што намерыўся ён праз вандроўку ў турму неяк правучыць дачку. Але ж яна не схібіць, бо разумее, куды яны едуць. Дый усім вядома: залішніх сантыментаў Яўгенія Канстанцінаўна пазбаўленая.
Пакуль татухна дамаўляўся, каб да Штэйна іх пусцілі ўтраіх, дзявіца разам з шынкароўнай чакалі ў шэрым змрочным калідоры. А можа, гэта праз недахоп асвятлення ён здаваўся такім? Дазналася Яўгенія Канстанцінаўна нарэшце і што такое казённы пах, ды пачала думаць, як жа найбольш лаканічна і ёміста можна было б перадаць свае адчуванні на паперы. Але хутка ёй гэта надакучыла, і панна Пракшына зірнула на Рахель. Тая стаяла трошкі ўбаку ды кусала гожыя вусны. На што толькі не гатовыя жанчыны дзеля кахання! Яўгенія Канстанцінаўна была зачаравана вернасцю шынкароўны: вось кахае ж яна Штэйна, нягледзячы ні на што! Той патрапіў у турму, усе абставіны супраць яго, а ёй гэта не важна, гатовая цярпець шынкароўна ўсё што заўгодна, бо адзінае, дзеля чаго яна будзе змагацца, уласна сэнс яе жыцця – гэта ягоная свабода. Ну, і калі па шчырасці, дык ён і сапраўды не забойца, чаго ж тут казаць? Але ўсё роўна, якая мілата.
А вось яна – змагла б кахаць гэтак жа аддана, не звяртаючы ўвагі на розныя супярэчлівасці? Ды трэба ж падзяляць: з супярэчлівасцямі і сапраўды можна мірыцца, а вось калі паўстае