Далей ён распавёў пра лёс свайго бацькі. Як той быў выдатным гравёрам і даволі працяглы час займаўся ў Менску вырабам вытанчаных штучак па замове. Аздабляў тытунёўкі ды дзяржальны рэвальвераў, для дам рыхтаваў самых мудрагелістых узораў скрыначкі ды розны посуд, а таксама любіў адліваць з металу ўпрыгожанні ды рабіў на іх мініяцюры. Меў Файн някепскі прыбытак, ды не ведала сям’я ягоная ніякага клопату, пакуль не з’явіліся ў яго канкурэнты, якія пачалі пускаць нядобрыя плёткі, а таксама не грэбавалі і іншымі нізкімі сродкамі, каб пазбавіць гравёра ягонай справы. Гэта быў вельмі змрочны час, і здавалася, што не будзе яму сканчэння, але наведаўся неяк у іхні дом адзін чалавек.
Гэта быў менскі адвакат па прозвішчы Гаўсман, і казалі, што займаецца ён тым, што выдаць можа любы дакумент, вось толькі не надта чысты на руку. А яно і сапраўды: фабрыкаваў Гаўсман розныя дыпломы, а таксама доказы шляхецтва. Але ж апошнім часам паслуга гэтая не мела асаблівага попыту, дый грошы адвакат лупіў не саромеючыся. Праз нейкі шэраг акалічнасцяў, якія Людвіг Восіпавіч не ведаў, разжыўся гэты Гаўсман некалькімі старажытнымі манетамі, ды ці то з уласнага натхнення, ці то падказаў яму гэта нехта іншы, аднак прыдумаў ён новы для сябе від дзейнасці. Але, вядома ж, адзін бы не зладзіў, таму спатрэбіўся яму добры гравёр, з якім адвакат здолеў бы падзяліць працу: той фабрыкаваў бы манеты, а Гаўсман пракладваў бы ім шляхі да збораў калекцыянераў.
Спачатку Файн адмовіўся, усё ж такі справа рызыкоўная ды цяжка караецца: каму хочацца скончыць жыццё на катарзе? Але ж Гаўсман быў настойлівы і нагадаў гравёру, што мае той сына, якому трэба атрымліваць добрую адукацыю, каб займець шанц на іншае жыццё – не хоча ж Файн, каб бадзяўся той у галечы ды скаціўся на дно, як бывае часам з падлеткамі, што не здолелі спраўдзіць сваіх мар. Акрамя таго, дзяржаўныя грошы фабрыкаваць яны не стануць, дый разлічаныя штукарствы іхнія будуць на краіны замежныя – там зараз значна болей аматараў, зацікаўленых у старапольскіх цікавостках. Таму выкрыць іх будзе складана, дый нікому і не патрэбна, а значыцца, можна не баяцца пакарання. Тады гравёр пагадзіўся, сабраў некалькі чалавек, каб дапамагалі яму ў майстэрні, ды распачаў сваю працу, якая некалькі год запар ішла роўна ды надта ўдала.
Татухна падчас споведзі інжынера выказваў шчырае здзіўленне, быццам бы не чуў раней падобнай гісторыі. Адкуль толькі ўзяліся гэныя
– Але ж, наладзіўшы майстэрню, бацька адаслаў нас падалей з Менска, каб раптам не арыштавалі разам з ім і ўсю сям’ю, – казаў Людвіг Восіпавіч. – Пакуль не было падставаў для хвалявання, але ён заўжды быў засцярожлівы. Мы з’ехалі ў Пецярбург да матчынага брата, займелі ягонае прозвішча. Жыць было цяжкавата, але бацька акуратна дасылаў нам грошы. А я адчуваў да іх нейкую пагарду. Проста не мог прымаць іх. Не хацеў уцяміць, што ён займаецца гэтым дзеля таго, каб нас карміць.
Штэйн злосна цірануў кулаком пачырванелыя вочы.