Тая адварочвалася і закрывала галаву рукамі, змяніўшы тон свайго выцця на зусім ужо жаласны, але ж татухну гэта не скарыла і ён паўтарыў пытанне. Трошкі пасядзеўшы, кабета раптам супакоілася і роўна, быццам бы толькі што не пакутавала яна ад
– Мужык прынёс.
– І адкуль жа ён яго прынёс? – не адчэпліваўся пан Пракшын.
Фурманава пажавала вусны, відаць, намагаючыся скеміць, што лепей казаць, а што не, ды тупа ўтаропілася ў гаспадара.
– Падманваць мяне дарэмна, – перасцярог татухна. – Гэта фурман забіў чалавека ў флігелі і знёс адтуль золата.
– Ну, дык пан і сам усё ведае! Нахабніца пасміхнулася.
– А мабыць, ты яму дапамагала? – прыжмурыўся Канстанцін Мікалаевіч.
Фурманава ўспудзілася ды зноўку ўзняла крык, нават бухнулася пану Пракшыну ў ногі, так хацела запэўніць, што да забойства ніякага дачынення не мае. Да таго ж паведаміла яна, што ў той вечар, як усё здарылася, з мужам у яе была сварка. Ён заўважыў, што інжынер у флігелі не адзін – соўгаліся за вокнамі дзве постаці, чаго раней ніколі не было. Фурман схадзіў паглядзець і, вярнуўшыся, паведаміў пра золата, а таксама і пра тое, што Штэйн некуды патрусіў, прыхапіўшы з сабой невялічкі сакваяж, а ў жытле ягоным застаўся на самоце незнаёмы ім чалавек. Жонка як магла ўпрошвала фурмана больш туды не совацца, ці мала хто там, але ж той слухаць не хацеў, абазваў яе дурной бабай ды нават трошкі натоўк, каб меней балбатала. А ўжо як сышоў ён, дык не маглі дачакацца – кабета нават думала, мо куды знік назусім. Так што да граху такога яна не спрычынялася.
«Мо і напраўду так было?» – падумала панна Пракшына, прыглядаючыся да фурманавай. І сынок іхні, здаецца, казаў нешта падобнае: нібыта маці на бацьку з нейкай прычыны так сердавала, што на другі дзень і не збіралася паклапаціцца, дзе ён. Але ж не падабалася Яўгеніі Канстанцінаўне гэтая кабета, якая ўжо маляўніча расказвала пра мяшэчак з грашыма, што ўпершыню пабачыла на ўласныя вочы. Як прывезлі мужа яе на тым тыдні і панства з’ехала, паказаў фурман золата жонцы і сказаў, што хутка зажывуць яны зусім інакш. З’едуць ад сквапнага пана (гэтую заўвагу дзявіца ўвогуле не зразумела) ды набудуць дзе-небудзь зямельку, пабудуюць хатку, і будзе ў іх суцэльнае шчасце. Фурман схаваў мяшэчак на стайні і сказаў жонцы маўчаць, што б ні здарылася. Вось яна і не прызнавалася, бо баялася, што зноўку пачне муж біць, калі зусім не прыб’е. А як прыйшла хеўра, дык чаго ж было прызнавацца душагубцам – і так мужыка, кравіначку ейную, забілі, а тут хаця б золата засталося. Вось толькі б пан не аддаваў яго нікому. Фурманава неяк не па-добраму забегала вачыма.
– А золата, магчыма, і несапраўднае, падробка, – суха вымавіў Канстанцін Мікалаевіч.
І тут яна пачала рагатаць, ажно не магла спыніцца. Паказвала на татухну пальцам і ляпала сябе па каленках, потым пачала душыцца, схапіўшыся за горла, пакуль Ганна Юр’еўна, якая ўвесь гэты час была непадалёк, не ўскочыла ў пакой і не выліла на кабету цэлы збан сцюдзёнай вады.
– Не варта табе на яе глядзець, Джынні, – татухна павёў дзявіцу прэч.
– Што гэта яна так? – Яўгенія Канстанцінаўна была ў разгубленасці.
– Хутчэй за ўсё, не вытрымала напружання, – сказаў пан Пракшын. – Яшчэ і такое расчараванне. Мабыць, яна думала, што паспее скарыстацца гэтымі грашыма. Ёй бы іх хапіла на бесклапотнае жыццё да скону. У выпадку, калі гэтыя манеты сапраўдныя, вядома ж. Мяне цікавіць іншае, darling: для чаго яны спатрэбіліся знаёмцу бацькі нашага інжынера?
– Дык, мабыць, гэта зусім не штукарствы Файна? – спытала дзявіца.
– Што ты маеш на ўвазе, Джынні? – ссунуў бровы татухна.
– Ну, а з якой прычыны мы вырашылі, што гэта абавязкова мусяць быць фабрыкаваныя дукаты? Што, калі гэта іхняя частка выручкі?
– То бок, ты думаеш, што яны прадавалі свае падробкі за галандскія дукаты? А гэта верагодна: гандлявалі ж яны ў замежжы.
– Таму той чалавек і напраўду проста прыйшоў па сваю долю грошай, – зрабіла выснову панна Пракшына.
– Магчыма, магчыма, – паківаў татухна. – Але ж адкуль тады ўзяўся дукат Зыгмунта ІІІ?
На гэтым іх абмеркаванне нязменна заходзіла ў тупік. А ў другой палове дня разам з памагатымі з’явіўся ў маёнтку гучны Снопін, які адразу ж запатрабаваў, каб яго вялі да сведкі. Тая ўсё яшчэ цешылася немаведама чаму, і Канстанцін Мікалаевіч сцісла перадаў павятоваму спраўніку тое, пра што даведаўся сам.
– Напэўна, забяром мы гэтую красуньку, каб паразмаўляць на прадмет дадатковых сведчанняў, – абвясціў Снопін. – А то яшчэ глядзі, дом вам падпаліць.
– Але ж дазволь, Ігнат Андрэевіч, удакладніць, – прыпыніў яго татухна. – Толькі ўзамен на свабоду інжынера.
– Ды годзе, годзе! – замахаў той рукамі. – Памятаю я пра твайго Штэйна. Будзе на днях вызвалены.
– Чаму ж на днях? Астатнія доказы пацвярджаюць яго бязвіннасць! – абурыўся пан Пракшын. – І падкова, і словы шынкароўны пераконваюць у гэтым.
– Канстанцін Мікалаевіч, ты ж разумееш, не ад мяне тое залежыць, канцылярскія дробязі! – прымірэнча сказаў павятовы спраўнік. – Абяцаю табе, што не пазней за бліжэйшую суботу будзе Людвіг Восіпавіч ужо на свабодзе.