Я абмаляваў яму ў пісьме наша становішча і папрасіў яго пусціць у ход свой тонкі нюх і разведаць, ці не знойдзецца ў кіраўніцтве забеспячэння амерыканскай арміі які-небудзь чалавек, з кім можна было б наладзіць сувязь. Шанцы на поспех заключаліся ў тым, што ваенная лабараторыя распраноўвала новыя палявыя рацыёны, якія мы маглі б выпрабаваць гэтак жа, як мы збіраліся выпрабаваць рыштунак для лабараторыі ваенна-паветраных сіл.
Праз два дні Б’ёрн пазваніў нам па тэлефоне з Вашынгтона. Ён пагаварыў у аддзеле знешніх сувязей амерыканскага ваеннага міністэрства, і там былі не супроць таго, каб даведацца, у чым справа. З першым поездам Герман і я выехалі ў Вашынгтон.
Мы засталі Б’ёрна ў яго кабінеце ў ваеннай місіі.
— Думаю, што ўсё будзе ў парадку, — сказаў ён. — Нас прымуць у аддзеле знешніх сувязей заўтра, як толькі мы будзем мець адпаведнае пісьмо ад палкоўніка.
«Палкоўнік» — гэта быў Ота Мунтэ-Кос, нарвежскі ваенны аташэ.
Даведаўшыся, у чым справа, ён паставіўся да нас вельмі добразычліва і ахвотна згадзіўся даць патрэбнае рэкамендацыйнае пісьмо.
Калі назаўтра раніцай мы прыйшлі па пісьмо, ён раптам падняўся з-за стала і сказаў, што, бадай, будзе лепей паехаць разам з намі яму самому. У аўтамабілі палкоўніка мы пакацілі да Пентагона, самага вялікага будынка на свеце, дзе знаходзяцца кіраўніцтвы ваеннага міністэрства. Палкоўнік і Б’ёрн у поўнай параднай форме сядзелі наперадзе, а Герман і я прымасціліся ззаду і пазіралі праз пярэднюю шыбу на вялізны гмах Пентагона, што ўзвышаўся на плошчы перад намі. Гэты грандыёзны будынак з трыццаццю тысячамі чыноўнікаў і з дваццаццю шасцю кіламетрамі калідораў павінен быў з’явіцца месцам маючай адбыцца «нарады па пытанню адносна плыта» з высокапастаўленымі прадстаўнікамі ваеннага міністэрства. Ніколі ні дагэтуль, ні потым не здаваўся Герману і мне наш плыт такім безнадзейна маленькім.
Пасля бясконцых вандраванняў па лесвіцах і калідорах мы дабраліся да дзвярэй аддзела знешніх сувязей і неўзабаве, акружаныя афіцэрамі ў новенькай, з іголачкі, форме, сядзелі за вялікім сталом з чырвонага дрэва; месца старшыні займаў сам начальнік аддзела знешніх сувязей.
Суровы, шырокі ў касці афіцэр са значком Уэст-Пойнтскай акадэміі[15]
, што важна сядзеў у канцы стала, доўга не мог уцяміць, якое дачыненне можа мець амерыканскае ваеннае міністэрства да нашага драўлянага плыта. Але як след прадуманая прамова палкоўніка і добрае ўражанне, якое зрабілі нашы адказы на град пытанняў, што задавалі афіцэры за сталом, паступова схілілі яго на наш бок, і ён з цікавасцю прачытаў пісьмо з лабараторыі забеспячэння матэрыяльнай часткі ваенна-паветраных сіл. Потым ён падняўся, аддаў свайму штабу лаканічныя распараджэнні аказаць нам дапамогу ў адпаведных інстанцыях і, пажадаўшы нам пакуль што ўдачы, пакінуў пакой, дзе адбывалася нарада. Калі дзверы за ім зачыніліся, малады штабны капітан прашаптаў мне на вуха:— Гатоў біцца аб заклад, вы атрымаеце ўсё, што вам патрэбна. Гэта вельмі нагадвае невялікую ваенную аперацыю і разам з тым робіць крыху больш разнастайнай нашу штодзённую канцылярскую рутыну мірнага часу; апрача таго, гэта дасць магчымасць па-сапраўднаму, метадычна выпрабаваць рыштунак.
Аддзел сувязей тут жа дамовіўся аб сустрэчы з палкоўнікам Льюісам з эксперыментальнай лабараторыі галоўнага інтэнданцкага кіраўніцтва, і мяне з Германам адвезлі туды на аўтамабілі.
Палкоўнік Льюіс — прыветлівы велікан з фігурай спартсмена — адразу ж выклікаў да сябе супрацоўнікаў, якія кіравалі доследамі ў розных галінах. Усе яны паставіліся да нас вельмі прыязна і неадкладна прапанавалі кучу ўсялякага рыштунку, які было б пажадана старанна выпрабаваць. Самыя вялікія нашы надзеі былі перакрыты, калі яны пачалі пералічваць амаль усё, што толькі магло нам спатрэбіцца, — ад палявых рацыёнаў да мазі ад загару і спальных мяшкоў, якія не баяцца сырасці. Потым яны павялі нас аглядаць усе гэтыя рэчы. Мы каштавалі на смак спецыяльныя рацыёны ў цудоўнай упакоўцы; мы бачылі запалкі, якія загараліся і пасля таго, як іх апускалі ў ваду, новыя ўзоры прымусаў і бітоны для вады, гумавыя мяшкі, адмысловы абутак, кухоннае начынне, нажы, што не танулі ў вадзе, і мноства іншых рэчаў, неабходных для экспедыцыі.
Я зірнуў на Германа. Ён меў выгляд добра выхаванага хлопчыка, які ходзіць з багатай цётухнай па кандытарскаму магазіну. Высокі палкоўнік крочыў наперадзе, дэманструючы ўсе гэтыя цудоўныя рэчы, а калі абход быў закончаны, супрацоўнікі лабараторыі запісалі, што нам патрэбна і колькі. Я думаў, што бой ужо выйграны, і марыў толькі аб тым, каб хутчэй апынуцца ў сябе ў гасцініцы і, прылёгшы, спакойна і мірна ўсё абдумаць. Тут высокі прыветлівы палкоўнік раптам прамовіў:
— Ну, цяпер трэба пайсці пагаварыць з шэфам; ён павінен вырашыць, ці можам мы даць вам усё гэта.
Я адчуў, што ў мяне абарвалася сэрца. Значыць, мы павінны зноў пачынаць усё спачатку, зноў пусціць у ход сваё красамоўства, а адно неба ведае, што за тып гэты «шэф».