Мы маглі расстарацца нарвежскіх кронаў, але на гэтым баку Атлантычнага акіяна яны не вырашалі праблемы. Мы маглі звярнуцца з просьбай аб субсідыі, але наўрад ці нам яе далі б для доказу спрэчнай тэорыі; урэшце якраз таму мы і задумалі падарожжа на плыце. Неўзабаве мы пераканаліся, што ні газетныя трэсты, ні асобныя мецэнаты не асмельваюцца ўкласці грошы ў справу, якую самі яны і ўсе страхавыя таварыствы лічылі самазабойствам; але калі мы вернемся жывымі і здаровымі, тады ўсё будзе па-іншаму.
Становішча было досыць паганае, і на працягу многіх дзён мы не бачылі ніякага выхаду. Тады на сцэне зноў з’явіўся палкоўнік Мунтэ-Кос.
— Вы селі на мель, хлопцы, — сказаў ён. — Вось для пачатку чэк. Я магу пачакаць, пакуль вы вернецеся з астравоў Паўднёвага мора.
Яшчэ некалькі чалавек паследавалі яго прыкладу, і неўзабаве пазычаных нам грошай было дастаткова, каб мы маглі зноў узяцца за работу без дапамогі пасрэднікаў і іншых камерсантаў. Пара было ляцець у Паўднёвую Амерыку і пачынаць будаўніцтва плыта.
Старажытныя перуанскія плыты рабілі з бальзавых дрэў; сухія, гэтыя дрэвы лягчэйшыя за коркавыя. Бальзавыя дрэвы растуць у Перу, але толькі далёка ад узбярэжжа, за Андамі; таму ў часы інкаў мараплаўцы дабіраліся ўздоўж берага да Эквадора і там ссякалі вялікія бальзавыя дрэвы ля самага Ціхага акіяна. Мы збіраліся зрабіць гэтак сама.
У наш час падарожнік сутыкаецца з зусім іншымі праблемамі, чым у часы інкаў. Мы можам карыстацца паслугамі аўтамабіля, і самалёта, і бюро падарожжаў; але каб справа не зрабілася занадта лёгкай, у нас затое ёсць перашкоды, што называюцца граніцамі, на якіх праз меру старанная варта з меднымі гузікамі правярае вашу асобу, корпаецца ў вашым багажы і мучыць вас бясконцымі анкетамі, калі вы шчасліва пройдзеце ўсе папярэднія выпрабаванні. Страх перад гэтымі людзьмі з меднымі гузікамі навёў нас на думку, што мы не можам высадзіцца ў Паўднёвай Амерыцы са скрынкамі і чамаданамі, поўнымі дзіўных рэчаў, і, ветліва пакланіўшыся, папрасіць, скажаючы амаль кожнае іспанскае слова, дазволу пабудаваць плыт і адплыць на ім. Нас, напэўна, пасадзілі б у турму.
— Не, — сказаў Герман, — мы павінны мець афіцыйны дазвол.
Адзін з нашых сяброў з ліквідаванага трыумвірата быў карэспандэнтам пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый; ён завёз нас туды на аўтамабілі. Калі мы ўвайшлі ў вялікую залу пасяджэнняў, дзе прадстаўнікі ўсіх народаў сядзелі адзін ля аднаго на лаўках, усе моўчкі слухалі гарачую прамову чорнавалосага рускага, які стаяў перад вялізнай картай свету, што вісела на сцяне. Гэтая сцэна зрабіла на нас моцнае ўражанне.
Нашаму сябру-карэспандэнту ўдалося ў час перапынку распачаць размову з адным з дэлегатаў Перу, а потым уцягнуць у гутарку аднаго з прадстаўнікоў Эквадора. Седзячы ў вестыбюлі на мяккай скураной канапе, яны ўважліва выслухалі наш праект пераплыць акіян, каб пацвердзіць тэорыю аб тым, што стваральнікі старажытнай цывілізацыі на іх радзіме былі першымі людзьмі, якія дасягнулі астравоў Ціхага акіяна. Абодва абяцалі інфармаваць аб нашым плане свае ўрады і гарантавалі нам садзеянне, калі мы прыедзем у Перу і Эквадор. Тругве Лі, які праходзіў якраз цераз прыёмную, пачуўшы, што мы яго суайчыннікі, падышоў да нас, і хтосьці прапанаваў яму рушыць разам з намі ў падарожжа на плыце. Але для яго хапала бур і на сушы. Памочнік сакратара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, доктар Бенхамін Коен з Чылі, славуты археолаг-аматар, даў мне пісьмо да прэзідэнта рэспублікі Перу, які быў яго блізкім сябрам. У вестыбюлі мы сустрэлі таксама нарвежскага пасла Вільгельма фон Мюнце-Моргенст’ерне, які з гэтага часу аказваў экспедыцыі вельмі вялікую дапамогу.
I вось, мы купілі два білеты і паляцелі ў Паўднёвую Амерыку. Калі чатыры магутныя маторы зараўлі адзін за другім, мы, зусім знясіленыя, адкінуліся ў глыбокіх крэслах. Цяжка выказаць словамі тое пачуццё палёгкі, якое ахапіла нас пры думцы аб тым, што з першай часткай праграмы мы разлічыліся і цяпер рухаемся проста насустрач прыгодам.
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦI
У ПАЎДНЁВАЙ АМЕРЫЦЫ