У Кон-Цікі, калі ён упершыню падарожнічаў па акіяне, не было ні асфальту, ні герметычна закрытых бляшанак; тым не менш ён не адчуваў сур’ёзных цяжкасцей з прадуктамі харчавання. I тады мараплаўцы харчаваліся тым, што маглі ўзяць з сабою з сушы, і тым, што яны маглі здабыць для сябе ў дарозе. Зусім магчыма, што Кон-Цікі, адплываючы ад берагоў Перу пасля разгрому ля возера Ціцікака, ставіў перад сабой адну з дзвюх наступных мэт. Мажліва, што ён — жывое ўвасабленне сонца сярод свайго народа, які абогатвараў сонца, — асмеліўся паплыць проста ў акіян, каб рухацца па шляху самога сонца, спадзеючыся знайсці новую, больш мірную краіну. Другая мажлівасць заключалася для яго ў тым, каб накіраваць свае плыты ўздоўж узбярэжжа Паўднёвай Амерыкі, высадзіцца дзе-небудзь далей на поўнач і заснаваць там новае царства, да якога не маглі б дабрацца ворагі. Адплыўшы ад заселеных варожымі плямёнамі небяспечных скалістых берагоў, ён, таксама як і мы, апынуўся ў палоне ў паўднёва-ўсходняга пасату і плыні Гумбольдта і па волі гэтых стыхій вымушаны быў апісаць дакладна гэтакі ж вялікі паўкруг проста на захад.
Якія б ні былі планы ў гэтых сонцапаклоннікаў, пакідаючы сваю радзіму, яны, вядома, мелі з сабою запас прадуктаў на час падарожжа. Сушанае мяса і рыба, салодкая бульба з’яўляліся галоўнай часткай іх першабытнага харчу. Калі ў тыя часы людзі выбіраліся ў падарожжа на плытах уздоўж пустэльнага берага Перу, яны бралі з сабой вялікі запас вады. Замест глінянай пасуды яны часцей за ўсё карысталіся вялізнымі бутлямі з гарбузоў, якія не баяліся штуршкоў і ўдараў. Яшчэ больш зручнымі для карыстання на плыце былі тоўстыя ствалы гіганцкага бамбуку; у іх прасвідроўвалі ўсе перагародкі і налівалі ў сярэдзіну ствала ваду праз маленькую дзірку, якую закаркоўвалі якой-небудзь затычкай або залеплівалі смалой ці камеддзю. Трыццаць — сорак тоўстых бамбукавых ствалоў можна было прывязаць уздоўж плыта пад бамбукавай палубай, і там яны ляжалі ў цяньку і ўвесь час абмываліся халаднаватай (26°С у экватарыяльнай плыні) марской вадой. Такі запас вады быў у два разы большы, чым нам спатрэбілася за час падарожжа, а яго можна было і павялічыць, проста прывязаўшы яшчэ некалькі дзесяткаў бамбукаў пад плытом, дзе яцы нічога не важылі б і не займалі б месца.
Пасля таго як мінула два месяцы, мы заўважылі, што прэсная вада зрабілася затхлай і непрыемнай на смак. Але за гэты час заўсёды можна было праплыць тую частку акіяна, дзе выпадае мала дажджоў, і даўно апынуцца ў мясцінах, у якіх запас вады папаўняўся б моцнымі ліўнямі. Мы штодзень выдавалі па літру з чвэрцю вады на чалавека, і далёка не заўсёды гэтая порцыя разыходзілася.
Калі нават нашы папярэднікі выбіраліся ў дарогу, не маючы ў запасе дастатковай колькасці прадуктаў харчавання, яны ўсё ж не адчувалі вялікіх нястач, пакуль рухаліся па акіяну разам з багатай на рыбу плынню. За ўвесь час нашага падарожжа не было таго дня, каб мы не бачылі вакол плыта рыб і не маглі іх злавіць без асаблівай цяжкасці. Амаль кожны дзень хоць некалькі лятучых рыб самі з’яўляліся да нас на плыт. Здаралася нават, што вялікія баніты, вельмі смачныя, траплялі на плыт з хвалямі, якія набягалі на карму, і трапяталіся на палубе, калі вада збягала праз шчыліны між бярвеннямі, нібы праз сіта. Памерці ад голаду было немагчыма.
Старажытныя індзейцы добра ведалі, як можна праганяць смагу, калі няма прэснай вады. Іх спосабам часта карысталіся ахвяры караблекрушэнняў у час апошняй сусветнай вайны, высмоктваючы вільгаць з сырой рыбы. Можна таксама выціскаць сок, загарнуўшы кавалак рыбы ў якую-небудзь анучку, а калі рыбіна вялікая, то прасцей за ўсё выразаць у яе тулаве некалькі ямачак і пачакаць, пакуль яны хутка напоўняцца вадкасцю, якую выдзяляюць лімфатычныя залозы рыбы. На смак гэты напітак не дужа прыемны — калі ў вас ёсць што-небудзь лепшае, — але солі ў ім так мала, што смага праганяецца.
Нам значна менш хацелася піць, калі мы рэгулярна купаліся, а потым мокрыя ляжалі ў засені каюты. Калі ж вакол нас велічна патрулявала акула, не даючы нам магчымасці пакупацца па-сапраўднаму ў акіяне, то дастаткова было проста легчы на карме на бярвенні і моцна трымацца за вяроўкі пальцамі рук і ног. I тады мы прымалі ванны ў празрыстай вадзе Ціхага акіяна, якая перакочвалася цераз нас праз кожныя некалькі секунд.