Потым ўсё зноў сціхла. Напружанне зрабілася нясцерпным. Што яны там задумалі? Няўжо яны адразу пасылаюць самалёт і выратавальныя экспедыцыі? Цяпер, безумоўна, паведамленні аб нас ляцяць па эфіру ва ўсе бакі.
Абодва радысты ліхаманкава працавалі, не ведаючы ні хвіліны спачынку. З іх твараў пот струменіў гэтак жа, як і з твару таго, хто круціў ручку дынамкі. Электрычныя ваганні паступова пачалі з’яўляцца ў контуры антэны перадатчыка, і Тарстэйн у экстазе паказваў на стрэлку, якая павольна падымалася па шкале, калі ён націскаў ключ Морзэ. Справа ішла на лад!
Мы, як шалёныя, круцілі ручку, а Тарстэйн выклікаў Раратонгу. Ніхто, не чуў нас. Яшчэ раз. Цяпер зноў прачнуўся прыёмнік, але Раратонга нас не чула. Мы выклікалі Гала і Фрэнка ў Лос-Анжаласе і марское вучылішча ў Ліме, але ніхто не чуў нас.
Тады Тарстэйн паслаў сігнал «CQ»: інакш кажучы, ён выклікаў усе станцыі на свеце, якія маглі пачуць нас на нашай аматарскай кароткай хвалі.
Гэта дало некаторы вынік. Цяпер чыйсьці слабы голас з эфіру пачаў ціха выклікаць нас. Мы паўтарылі сігнал і сказалі, што чуем яго. Тады ціхі голас з эфіру прамовіў:
— Мяне завуць Поль, я жыву ў Каларада; як вас завуць і дзе вы жывяце?
Гэта быў нейкі радыёаматар. Мы, не спыняючыся, круцілі ручку, а Тарстэйн схапіў ключ і адказаў:
— Гэта «Кон-Цікі»; нас выкінула на бязлюдны востраў у Ціхім акіяне.
Поль зусім не паверыў гэтаму паведамленню. Ён думаў, што нейкі кароткахвалявік з суседняга квартала разыгрывае яго, і больш не з’яўляўся ў эфіры. У роспачы мы рвалі на сабе валасы. Вось мы сядзім тут, пад пальмамі, зорнай ноччу на бязлюдным востраве, і ніхто не верыць нашым словам.
Тарстэйн не здаваўся; ён зноў узяўся за ключ і безупынна перадаваў: «Усё ў парадку, усё ў парадку, усё ў парадку». Мы што б там ні было павінны прыпыніць падрыхтоўку ўсіх гэтых выратавальных экспедыцый у розных канцах Ціхага акіяна.
Раптам мы пачулі ў прыёмніку, як хтосьці даволі ціха спытаў:
— Калі ўсё ў парадку, дык чаго хвалявацца?
Потым эфір зноў змоўк. I гэта было ўсё.
Ахопленыя роспаччу, мы гатовы былі падскочыць да верхавін пальмаў і атрэсці з іх усе какосавыя арэхі, і цяжка сказаць, што мы зрабілі б, калі б раптам нас не пачулі адначасова і Раратонга і наш стары добры Гал. Гал гаварыў, што ён плакаў ад радасці, калі зноў пачуў пазыўныя LI2B. Уся шуміха адразу спынілася; мы зноў былі адны, і ніхто нас не турбаваў на нашым востраве Паўднёвага мора. Зусім знясіленыя, мы палеглі спаць на нашы пасцелі з пальмавых лісцяў.
Назаўтра мы нікуды не спяшаліся і цешыліся жыццём, ні аб чым не думаючы. Адны купаліся, другія рыбачылі або бадзяліся па рыфу, шукаючы цікавых марскіх жывёлін; самыя энергічныя прыводзілі да ладу лагер і ўпрыгожвалі ўсё навокал яго. На беразе, адкуль відаць быў «Кон-Цікі», на ўзлеску, дзе пачынаўся пальмавы гай, мы выкапалі яму, выслалі яе лісцем і пасадзілі прарослы какосавы арэх, што прывезлі з Перу. Побач, якраз насупраць таго месца, дзе «Кон-Цікі» наляцеў на рыф, мы пабудавалі піраміду з каралавых глыбаў.
За ноч прыбой прасунуў «Кон-Цікі» яшчэ бліжэй да лагуны, і цяпер, акружаны ўсяго некалькімі лужынамі, ён ляжаў амаль увесь над вадой, сярод вялізных каралавых глыбаў далёка ад знадворнага краю рыфа.
Прагрэўшыся як след у гарачым пяску, Эрык і Герман адчувалі сябе куды лепш і захацелі прайсціся ўздоўж рыфа на поўдзень; яны спадзяваліся, што ім удасца перабрацца на вялікі востраў, які знаходзіўся ў тым баку. Я папярэдзіў, каб яны асцерагаліся акул, а яшчэ больш вугроў[39]
, і яны засунулі на ўсякі выпадак за пояс доўгія нажы-мачэце. Каралавыя рыфы з’яўляюцца месцам прытулку для страшных вугроў з доўгімі ядавітымі зубамі, якімі яны лёгка могуць адарваць чалавеку нагу. Пры нападзе яны рухаюцца, звіваючыся з хуткасцю маланкі, і выклікаюць панічны жах у мясцовых жыхароў, якія не баяцца плаваць побач з акулай.Эрык і Герман прайшлі ўброд даволі далёка па рыфу на поўдзень, але месцам трапляліся больш глыбокія рэчышчы, па якіх вада ішла ў гэтым напрамку, і тады ім даводзілася скакаць у ваду і плыць. Яны шчасліва дабраліся да вялікага вострава і ўброд перайшлі на бераг. Доўгі і вузкі, пакрыты пальмавым лесам востраў цягнуўся далей на поўдзень; яго сонечныя пляжы былі ахаваны ад ветру рыфам. Эрык і Герман ішлі і ішлі ўздоўж вострава, пакуль не дасягнулі яго. паўднёвага берага. Пакрыты белаю пенаю рыф цягнуўся адсюль далей на поўдзень, да іншых астравоў. Тут нашы даследчыкі знайшлі разбіты каркас вялікага карабля; у яго было чатыры мачты, і ён ляжаў на беразе, падзелены на дзве часткі. Гэта быў стары іспанскі паруснік, нагружаны рэйкамі, і ржавыя рэйкі былі параскіданы ўздоўж рыфа. Эрык і Герман вярнуліся па другім баку вострава, але ніводнага следу на пяску ім так і не ўдалося знайсці.
Вяртаючыся назад цераз рыф, яны сюд-туд успуджвалі нейкіх дзіўных рыб і спрабавалі злавіць некаторых з іх; раптам на іх напала не менш васьмі вялізных вугроў.