Усе падбеглі да акна і ўтаропіліся на замкавы двор. Там, у самым цэнтры, каля старога калодзежа, сядзелі на раскладных крэслах Люба і наш Джэк Патрашыцель. Яны сядзелі і трымаліся за рукі — і гэта было горш, чым пабачыць Любу з агнястрэльнай ранай у белых дзявочых грудзях. Фалічны Сымбаль валяўся пад іхнымі нагамі, непатрэбны і недарэчны, як сьмецьце.
«Здрадніца!» — крыкнуў Рыгор.
«Да ладно тебе, — сказаў, аблізнуўшыся, Цімур. — Может, ее сейчас насиловать начнут. Отсюда хороший обзор».
«Никогда бы не подумала, — сказала гаспажа Ацтэцкая. — Люба… Такая умная приличная девушка».
«Это хорошо, — працадзіў скрозь зубы Міхаіл Юр’евіч. — Хорошо. Их стало больше. Но и у нас теперь меньше балласта. А стрелять она все равно не умеет».
Я таксама ня ўмеў страляць, але падумаў, што прызнавацца ў гэтым пакуль што ня варта. Асабліва Міхаілу
Юр’евічу — за такое прызнаньне ён мог бы перавесьці мяне на жаночую палову нашай турмы, і хто ведае, да чаго б гэта ўсё ў выніку прывяло. Ды нават калі б я валодаў гэтым майстэрствам — што б гэта зьмяніла? Быстры конь, вострая шабля, ліхія вусы — чамусьці для мяне ўсе гэтыя рэчы ніяк не асацыяваліся са сьмерцю. З гераізмам — так, але Сьмерць? У маім жыцьці не было ні першага, ні другога — што я ведаў пра Сьмерць? Толькі тое, што яна — жанчына і заўжды прыходзіць да іншых. Аднойчы на пахаваньні знаёмага я засьмяяўся — бяз дай прычыны, проста так, нэрвы ня вытрымалі. Я шмат што раблю проста так — падпарадкоўваючыся матузкам у галаве, у якіх — свая лёгіка. Шляхецкі клюб мог бы завязаць іх у вузел — калі б ня песьня пра Ганну, калі б ня здарыўся гэты чортаў Замак, калі б не…
Як жа ўсё-ткі надакучыла сумнявацца! Як жа хочацца, каб нехта сказаў табе, што правільна — і рабіць, і рабіць, рабіць, падпарадкоўвацца загадам, выконваць волю, быць карысным і сэнсоўным. І вось, калі табе падалося ўжо, што нарэшце ты знайшоў сабе месца, на якім можаш, маеш сілы замацавацца — аўтобус, Босая, нейкія прывіды, Фалічныя Сымбалі… Як быццам мне мала сваіх…
Я ўявіў сабе, як страляю ў жанчыну.
Хачу прамахнуцца, хачу стрэліць у паветра — і, вядома, трапляю. Трапляю, як усе бязвольныя баязьліўцы гэтага сьвету. Трапляю — і ў галаву б’е дурны гонар, а грудзі расьпірае жах. «Ты забіў яе!» Добры стрэл. Навічкам заўжды шанцуе. Проста ў сэрца. Проста ў грудзі.
Жанчына ня падае адразу. Яна валіцца на зямлю павольна, як у кіно. На яе грудзях расплываецца зыркая пляма. Яна раскрывае рот, як вялікая рыбіна. Жанчына ў белым. Кроў — гэта яе, жаночае, непрыстойнае, забароненае. Яна хапаецца за сэрца, якое выцякае зь яе, выпаўзае, вывешвае свае прасьціны. Яна хоча заштурхаць яго назад. Жанчына ў белым.
Цікава, ці змог бы я насамрэч забіць жанчыну? Хаця б самую малую?
Чамусьці з гэтым была праблема. Так, так, у цябе праблема з забойствам, нашчадак слаўнага графа Саха-Якуцкага. Не расказвай пра гэта нікому, добра? Ні Міхаілу сьвет Юр’евічу, ні Паўлюку, ні Рыгору, ні немцу, а асабліва продкам не расказвай. Бо гэта ганьба — ня ўмець забіваць. Гэта тое самае, што не магчы трахнуць. Імпатэнцыя.
Чамусьці ў той момант я мог, прыклаўшы пэўныя намаганьні, уявіць сабе, як забіваю мужчыну. А вось забойства мной кабеты ўспрымалася як нешта неверагоднае, як нечуваная, непамысная жорсткасьць. Я падумаў, ці няма ў гэтым лятэнтнага гомасэксуалізму: калі ты лёгка можаш уявіць сабе, як забіваеш мужыка, а вось прыбіць бабу — нічога не працуе.
Мне зрабілася сорамна. Некалі, у шаснаццаць гадоў, выбіўшы ўсе дываны, я любіў заваліцца на канапу з марозівам і паглядзець які-небудзь фільм — і не прызнаваў тыя, дзе не гучыць ніводнага стрэлу. А цяпер кіно загарэлася на экране само, і я ня ведаў, як яго выключыць.
Мне патрэбныя былі новыя героі. А іх акурат хапала: ва ўнутраным двары Замку сноўдалі тэрарысткі, весела перагукаючыся зь сяброўкамі, якія вартавалі муры. І я міжволі зноў залюбаваўся імі. Дзеўкамі без цара ў галаве.
15. Тонкасьцi панаваньня
Яны маглі б застацца звычайнымі беларускімі жанчынамі.
Яны маглі б выйсьці замуж і нарадзіць дзяцей — і назаўтра выкінуць іх з вокнаў сваіх пабудаваных у крэдыт кватэраў. У той час гэта было модна, выкідваць немаўлят з акна; ня ведаю, як цяпер. Дзеці ляцелі ўніз, як зьнічкі ў жніўні, наклады рэспубліканскай прэсы ішлі ўгару, шклопакеты не прапускалі шмат шуму, як і абяцала рэкляма. Маці-забойцы выплаквалі сабе дараваньне ў судзьдзяў: судзьдзі-мужчыны сэнтымэнтальныя і ня любяць жаночых сьлёзаў, ні дома, ні на рабоце. Так, яны маглі б застацца звычайнымі беларускімі кабетамі, сьвятарнымі істотамі, яешняй зь дзяржаўных яйцаклетак — маглі б танчыць на дыскатэках пад модных дыджэяў, выстукваючы даўгімі нагамі любоў і нееежнасьць, і вернасьць традыцыям, і патрыятызм, і проста вернасьць мужу. Яны маглі б выйсьці замуж «заграніцу» — бо ўсе жанчыны мараць пра гэта, а хто ня марыць, той не жанчына, а мужык у спадніцы.