Читаем Белая муха, забойца мужчын полностью

Яны маглі б рэзаць вяндліну на бутэрброды для мужчынскіх фуршэтаў, рэзаць тонка, ашчадна, прыгожа, мужчына так ня ўмее і ніколі не навучыцца, бо трэба выбіраць нешта адно: або рэзаць вяндліну, або рабіць гісторыю, у мужчыны рукі не для дробязяў, а для Важных Справаў. Кожнага разу, калі я бачыў, як жанчына рэжа вяндліну на бутэрброды для мужчынскага фуршэту — мне здавалася, што жанчыны рэжуць адна адну. Тонка, ашчадна, прыгожа адразаюць адна ад адной кавалачкі мяса і кладуць на белы, намазаны маслам хлеб. Вяндліна нагадвае жаночую плоць: вільготная, бліскучая, ружовая. Фуршэт мае пачацца праз паўгадзіны — нічога, мы пасьпеем, жанчыны робяць гэта надзіва хутка: спрытна разразаюць адна адну на акуратныя апэтытныя лусты. Ня дзіва, што калі фуршэт пачынаецца, іх ужо не відаць, гэтых гаспадарлівых і клапатлівых паненак. Нідзе не відаць. Зусім не відаць. Дзе жанчыны? Дзе жанчыны, крэвэткі і кветкі? — крычаць захмялелыя мудрыя мужы. Бязь іх скушна. Скушна кушаць. Дзе красата? За што піць трэці тост? Каму жаліцца на суворы лёс і люэс сэрца?

Яны маглі б застацца звычайнымі жанчынамі. Выконваць даручэньні, купляць букеты, гатаваць каву, супакойваць, цешыць вока і ведаць месца. Ведаць месца і ведаць месцы, дзе мужчыну прыемна. Падносіць хлеб-соль. Калі я бачыў жанчын, якія падносяць людзям хлеб-соль, мне заўжды здавалася, яны нясуць Высокім Гасьцям свае грудзі і вагіны. Госьць адшчыкне кавалачак, як за цыцку схопіць, апусьціць у соль, як палец засуне — «Добра», кажа госьць, расплыўшыся ў пахабнай, нейкай пахвіннай усьмешцы. Прыемна.

Яны маглі б працаваць сенцамі ў мужчынскія кабінэты, дзе вырашаюцца Важныя Справы. Ружовымі дзьвярмі ў белы пакой Мудрасьці. Кожная жанчына, у якой за сьцяной Мужчынскі Кабінэт, — дачка, якую трэба выхоўваць. Кожны мужчына, які займае нават самую нізкую і нікчэмную, але пасаду — бацька, якога трэба слухаць. Яны маглі б зрабіцца нармальнымі жанчынамі, вушамі, у якіх захоўваюцца нудныя мужчынскія жарты, вуснамі, якія трэба расьцягваць ва ўсьмешцы, бо так патрабуе традыцыя: калі мужчына жартуе, жанчына абавязаная хаця б усьміхнуцца. А лепш засьмяяцца, агаліўшы зубы і дзясны: традыцыя паслушэнства — гэта сьвятое.

Яны маглі б, гэтыя дзеўкі. Маглі б. А замест гэтага ўзялі нас у закладнікі і прымусілі выконваць іхную волю. Яны захапілі Замак. Наш Замак, мужчынскае вынаходніцтва, Замак, у якім жанчыны заўжды былі або каштоўным скарбам, або госьцямі, або разьменнай манэтай. Але ніколі — гаспадарамі.

Разглядваючы тэрарыстак з акна нашай турмы, якая больш чым за суткі пасьпела ўжо страціць строгі музэйны водар і прапахла чалавечымі і жаночымі подыхамі, уздыхамі і дымамі, я, вядома, яшчэ ні пра што такое ня думаў. Я проста любаваўся імі, іхнымі рухамі, у кожным зь якіх адчуваліся чыста мужчынскія воля і вольнасьць — і разважаў пра тое, што само слова «Замак», спрадвечна мужчынскае слова, пачынае пад уладай гэтых шалёных кабет губляць вастрыню свайго канчатку. Жалезнае, вострае, цяжкое слова дзеўкі Босай зрабілі чужым, бескарысным, бяскрыўдным. Слова зьмяніла пол. Быццам у гульні ў перастаноўку літар: з замка атрымлівалася самка. Самка, якая ўсё вырашае сама.

Босая самка.

Мне вельмі трэба было да яе патрапіць. Як мага хутчэй. Ішоў другі дзень нашага палону ў Замку — і я дзіўным чынам не адчуваў больш нянавісьці да тых, хто зьняволіў нас у гэтым музэйным пакоі. Я любаваўся і быў на дзіва спакойны — па шчырасьці, мне даўно ўжо не было так добра. І за гэта я быў злы на сябе, злы лютай мужчынскай злосьцю. Я прыехаў у Замак па мужчынскіх справах. Пазлаваць Р-скага і пазначыць тэрыторыю, задраўшы хвост уласнага шляхецтва. Мне тэрмінова трэба было ўзьненавідзець Босую сучку. Але нянавісьці не было — быццам яна засталася там, за мурамі, ля брамы, побач зь міліцэйскімі машынамі, у ачапленьні, у кароткіх дзелавітых перамовах па рацыях, у сьлядах ад колаў грузавікоў з надпісам «Люди». Там мусілі стаяць іншыя грузавікі, з надпісамі «Женщины».

Людзі і жанчыны. Едучы ў Замак, я ня верыў, што гэта тое самае. Няўжо гэта і праўда так?

Трапіць да Босай у той другі дзень нашага зьняволеньня мне, як ні дзіва, дапамог Шпэцль. Так, менавіта ён, самы няшчасны палонны Босай ведзьмы. Мы ўсе паверылі ўжо, што высакародны аўстрыяк, наш брат па няшчасьці, зьехаў з глуздоў ад перажытага стрэсу і мы так і дажывем да вызваленьня пад ягоныя разьмераныя, нудныя і аднастайныя, як малітва, стогны. Але пад вечар на Шпэцля раптам найшло праясьненьне мазгоў. Паабедаўшы тушаным мясам і наведаўшы прыбіральню (гэтым разам працэс заняў амаль гадзіну, усе адчувалі вялікую патрэбу ў вызваленьні), мы драмалі за сталом — мужчыны, якія назапашваюць сілу… Жаночы кут займаўся сваімі справамі — якімі, ніхто не цікавіўся. За час, праведзены ў нашай турме, жаночы кут усё больш аддаляўся ад занятага намі стала, нібыта пакой неўпрыкмет павялічваўся ў памерах. І тут наш адпачынак зьнянацку сапсаваў дзікі лямант Шпэцля.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Оптимистка (ЛП)
Оптимистка (ЛП)

Секреты. Они есть у каждого. Большие и маленькие. Иногда раскрытие секретов исцеляет, А иногда губит. Жизнь Кейт Седжвик никак нельзя назвать обычной. Она пережила тяжелые испытания и трагедию, но не смотря на это сохранила веселость и жизнерадостность. (Вот почему лучший друг Гас называет ее Оптимисткой). Кейт - волевая, забавная, умная и музыкально одаренная девушка. Она никогда не верила в любовь. Поэтому, когда Кейт покидает Сан Диего для учебы в колледже, в маленьком городке Грант в Миннесоте, меньше всего она ожидает влюбиться в Келлера Бэнкса. Их тянет друг к другу. Но у обоих есть причины сопротивляться этому. У обоих есть секреты. Иногда раскрытие секретов исцеляет, А иногда губит.

Ким Холден , КНИГОЗАВИСИМЫЕ Группа , Холден Ким

Современные любовные романы / Проза / Современная русская и зарубежная проза / Современная проза / Романы