Глытаючы словы і соплі, Шпэцль крычаў на сваёй роднай гаворцы пра тое, што ён іншаземец, што ЮНЭСКА ня мае права зь ім так абыходзіцца, што ён шукаў танную жанчыну, але ніякая жанчына не каштуе таго, што яму даводзіцца трываць, і што ён, Шпэцль, патрабуе выпусьціць яго або на благі канец прапусьціць у Замак пасла. Я разумеў зусім ня ўсё, што ён з заплюшчанымі вачыма пракрычаў у нашыя зьдзіўленыя ад такога імпэту твары, але агульны сэнс быў такі. Слухаючы гэта, Кунцэ голасна рагатаў і паказваў на Шпэцля тоўстым пальцам: маўляў, во дае, га? Але гэта быў шанец. Я прызнаўся, што крыху разумею аўстрыяка, і прапанаваў сябе ў якасьці перакладчыка. Паклікаў Нямону Лізу, тая, безуважна выслухаўшы, кіўнула, і нас са Шпэцлем пад канвоем павялі ў вежу. Усё ж Босая выконвала правілы абыходжаньня з ваеннапалоннымі. Мужык бы і слухаць нас ня стаў. Даў бы па галаве і іншаземнаму падданаму, і ягонаму сумнеўнаму перакладчыку — і пайшоў бы далей вытаргоўваць сабе гераін, гарэлку і самалёт.
Дурны гонар: мы сапраўды лічылі сябе амаль што ваеннапалоннымі. Хаця ніякай вайны не адбывалася. Прызнаць сябе закладнікамі было ганебна. Але і закладнікамі мы, як высьветлілася, не былі. І Босая пастаралася мне гэта патлумачыць.
16. Ультыматум
Апынуўшыся ў штабе Босай, бедны Шпэцль зусім разгубіўся — усё, што ён мог выціснуць зь сябе, гэта слова «ЮНЭСКА». «ЮНЭСКА», млява паўтараў ён, увесь час мружачыся, як быццам Босая была пражэктарам, што сьляпіў яму вочы. Юнэска, юнэска, юнэска… Слова гучала, як жаночае імя. Нямона Ліза, якая стаяла каля дзьвярэй, апусьціўшы Фалічны Сымбаль руляй уніз, нецярпліва шмыгала носам і запытальна пазірала на Босую: можа, хопіць ужо мучыць чалавека?..
Я сьцісла апісаў сутнасьць Шпэцлевых патрабаваньняў. Недарагія жэншчыны, пасол або консул, піва і сасіскі, свабода або сьмерць. Я нават намякнуў, што наш аўстрыйскі госьць крыху памуціўся розумам — аднак на Босую гэта не падзейнічала. Яна моўчкі выслухала мяне, гледзячы Шпэцлю проста ў вочы, а потым нечакана засьмяялася: «Не, так ня пойдзе! Усе застануцца ў Замку. Так трэба. Проста скажы яму, што гэта такі працяг экскурсіі. Вось і ўсё».
Я пераклаў, як мог. Было падобна на тое, што Шпэцль нават узрадаваўся. Відавочна, ён думаў, што ў вежы яго зьбіраюцца катаваць. Магчыма, нават спосабам кітайскіх імпэратрыцаў. Мой голас крыху дрыжэў, калі я расказаў пра гэта Босай. Яна зноў засьмяялася — ведзьма была ў гуморы — і кіўнула Нямоне Лізе, каб Шпэцля адвялі назад, да сваіх. Калі дзьверы за імі зачыніліся, Босая зноў села на стол і ўважліва паглядзела на мяне.
«А гэта ідэя, — сказала яна сур’ёзна. — Самы час паказаць ім, што мы не жартуем. А гэта значыць, самы час пажартаваць…»
На Замак апускаўся вечар. Белая сукенка Босай была ўся брудная. Брудная і рамантычная, як сьцяна дому недзе на Міжземным моры. Сукенка з вышытымі на ёй ценямі. А сама Босая пахла. Так нясьцерпна пахла сьвежай і ачмуральна-духмянай, як трава, крывёй.
«Яшчэ адзін дзень вам давядзецца прабавіць тут, — сказала Босая. — Я паставіла ім ультыматум. Калі праз трое сутак пасьля захопу Замку яны не пагодзяцца выканаць усё, што мы патрабуем, мы пачнем зьнішчаць закладнікаў. Вось так».
«Але чаго вы патрабуеце? — асьцярожна запытаўся я. — Пакуль што я чуў толькі пра карову…»
«Жуту яны не адпусьцяць, — сумна пасьміхнулася Босая. — Для іх гэта нават важней, чым адпусьціць людзей. Але пачакай, я акурат прыдумала, якім чынам мы пажартуем».
Яна рэзка павярнула да сябе свой белы ноўтбук.
«Мы запішам ім кіно. Такое, каб мароз па скуры. Усё па законах жанру. Сядай сюды».
І яна паднялася са стала, паставіла каля сьцяны крэсла і накіравала на яго вока відэакамэры.
«Сядай».
Я паслухмяна апусьціўся на крэсла.
«Недзе ў мяне быў ножык… Пазычаны ў музэі…» — Босая пашукала ў шуфлядзе стала і, ухвальна рохкнуўшы, дастала сапраўдны даўгі кінжал — адзін з тых халодных, зь вітай, абсыпанай бурштынам ручкаю, з матавым бляскам і кропляй сьвятла на кончыку вострага ляза. Такі мой продак Саха-Якуцкі насіў збоку, а такі самы, але меншы, у адным з чаравікаў. Не заўжды насіў, вядома, але калі ішоў у паход на чужынскія зграі. На быстрым кані, падкруціўшы ліхія вусы, натачыўшы вострую шаблю. І падпаліўшы босыя ногі той, якая… Не, лепш пра гэта ня думаць.
Босая, між тым, завязала хусткаю твар так, што заставаліся відаць толькі вочы. Цёмныя, бязьлітасныя вочы з водбліскамі будучых прыгодаў, вочы, як менская ноч дзевяностых.
«Чагосьці не хапае», — сказала яна.
«Сьцяга на сьцяне, — раптам вырвалася ў мяне. — Сьцяга».
Вочы недаверліва зірнулі на мяне, але ў іх ужо зьявіўся непадробны інтарэс, які Босая ўсяляк намагалася схаваць.
«Сьцяга?»
І тады я зрабіў гэта.
Далібог, я здолеў зрабіць гэта.