Бо мастацкая школа была далёка ад іхнага мікрараёну, трэба было сесьці ў адзін тралейбус, праехаць дзесяць прыпынкаў паўз аднолькавыя дамы і шырокія непрытульныя вуліцы, а потым выйсьці і пасьпець на іншы, і праехаць яшчэ дзесяць прыпынкаў паўз такія самыя шэрыя, на адзін твар, дзевяціпавярховікі і роўныя, як пад лінейку выпісаныя праспэкты, і потым выйсьці проста перад будынкам мастацкай школы, дзе раней быў дзіцячы садок, які пакінуў на памяць пра сябе пах кашы і какашак. Ліза чамусьці любіла гэты пах — можа, таму, што ён нагадваў ёй час, калі яна і яе цела жылі разам і не варагавалі.
Лізу не любіў ніхто, апрача мамы і таты. Пра Лізу казалі, што яна інфантыльная і паводзіцца, як дзіця. Ліза была занадта вялікая, і ад яе скуры непрыемна пахла. «Ты зусім не такая вялікая, як ты думаеш, проста ты з буйнымі формамі», — сказала мама, калі Ліза аднойчы наважылася загаварыць зь ёй пра гэта. Мама прамовіла гэта, як падалося Лізе, досыць абыякава, і больш Ліза на такія тэмы не загаворвала.
Лізу пазьбягалі, і хто ведае, што яна зрабіла б аднойчы са сваім непаслухмяным і нязручным целам, калі б не маляваньне. Ліза была як дзяўчына-асілак з драўлянай скрыняй на каленях, поўнай нармальных людзей. Ёй трэба было насіць іх з сабой і выносіць неяк іхныя позіркі.
Да пары ўсё гэта можна было неяк трываць. Пра цела можна было на хвілінку забыцца — асабліва, калі занурыцца ў маляваньне або купіць сабе нешта смачнае. Дый цела часам забывалася пра Лізу, занятае сваімі справамі. Усё гэта можна было неяк цярпець, пакуль у тралейбусах не пачала езьдзіць Рука.
Упершыню Рука зацікавілася Лізай у адзін шэры восеньскі панядзелак. Ліза і яе Цела ехалі ў перапоўненым тралейбусе, і Ліза старанна ўдавала, што яна не знаёмая з гэтым недарэчным і пачварным Целам, а Цела, наадварот, усяляк падкрэсьлівала, што яно належыць Лізе і яны закадычныя сяброўкі. «У жанчын няма кадыкоў, — шаптала сама сабе Ліза. — Таму мы ня можам быць закадычнымі». Цела ня слухала і займала прастору. Шмат прасторы — як падавалася Лізе, ледзьве ня паўтралейбуса. Цела было шчыльна ўціснутае ў чалавечае цеста. Цела дакраналася да тоўстых торбаў, мускулістых заплечнікаў, крывых сьпінаў, кашчавых плячэй і мокрых парасонаў. Цела замінала ўсім.
Але толькі не Руцэ.
Рука зьявілася зьнянацку, аднекуль ззаду, яна шмыгнула пад куртку, знайшла край нагавіцаў, калготак, цёплых майтак і легла на азадак Лізінага Цела, проста на голую скуру. Асьцярожна памацала там кончыкамі халодных пальцаў, замерла. Заварушылася зноў, пачала гладзіць, і зноў замерла — да наступнага прыпынку. І Ліза раптам адчула, як Цела зноў зрабілася ейным. Спачатку яна проста прыслухоўвалася да сваіх адчуваньняў, яшчэ ня ўцяміўшы, што адбываецца. Рука схапіла Лізу за ягадзіцу, пасунулася ніжэй, абхапіла сьцягно, пайшла наверх. Ад Рукі аддзяліўся палец, які пачаў рассоўваць ягадзіцы, тыцкацца туды, куды Ліза сама ніколі не зазірала. І тады Лізе зрабілася сорамна і брыдка. Рука рухалася так, быццам было толькі Цела, а ніякай Лізы не існавала. Рука рабіла ўсё так, быццам цела Лізы было мёртвае — і Ліза таксама. Але нават мёртвыя людзі маюць права на сваё Цела.
Яна не магла азірнуцца і пабачыць Руку. Краем вока Ліза паглядзела на людзей і жанчын, якія ехалі побач зь ёй у тралейбусе. Ніхто не зьвяртаў увагі на Лізу, і ўсе яе ненавідзелі. Усе глядзелі ў акно, маўчалі і глядзелі ў акно. Ніхто ня ведаў пра Руку, апрача Лізы. І Лізе стала яшчэ больш брыдка. Яна ўявіла сабе, што Рука ўжо лічыць яе сваёй. А Рука зноў ажыла, палец шукаў штосьці, а Ліза цярпела, стаяла, здранцьвеўшы, і сачыла за тым, як Рука рухаецца па яе Целе. Ёй падалося, што яе зараз званітуе — палец быў гнюсны, як чарвяк, а Рука цёплая і настойлівая, чужая, упэўненая, валасатая і ўладная Рука. Ліза ледзь стрымвалася, каб не закрычаць ад агіды і не званітаваць проста на гэтыя заплечнікі, торбы, галовы, плечы, якія сьціскалі яе з усіх бакоў.
Яна выйшла на патрэбным прыпынку і ўпотай азірнулася. Але перад вачыма былі толькі людзі і жанчыны, якія штурмавалі дзьверы, спрабуючы знайсьці сабе месца. «Утрамбуйцесь там, жэншчына!» — крычалі камусьці нецярпліва і злосна. Бабіна лета скончылася, пачыналася сапраўдная, золкая, пранізьлівая і бясколерная восень, і тралейбусы рухаліся штуршкамі, рыўкамі, іх маторы галоднымі вылі ваўкамі, і сядзеньні былі цьвёрдыя, быццам камень, сьпіны мяккія, як зямля…