Тралейбус спыніўся на прыпынку, як нічога ніякага. Дзьверы адчыніліся, увайшла восень, пачала правяраць білеты. Тралейбус стаяў з адчыненымі дзьвярыма і быццам чагосьці чакаў. Лізіна Цела зноў не належала Лізе. Усё вярталася, усё зноў навальвалася, душыла, крактала, прыладжваючыся да старой каляіны. Цела Лізы жыло сваім жыцьцём, а Ліза сваім. Цела Лізы ўдарыла мужчынку ў надзьмутай кітайскай куртцы ў кадык. Мужычок згубіў раўнавагу і паляцеў у восень. Ягоная галава прызямлілася проста на бардзюр, і з галавы палілася чырвоная фарба, самая любімая фарба Лізы. Ратуючыся, Рука сутаргава паспрабавала ўхапіцца за край тратуару — ды так і засталася ляжаць там, учапіўшыся ў яго пальцамі. Дзьверы тралейбуса зачыніліся, і ён паехаў далей, паўз аднолькавыя, засыпаныя бляклымі шкельцамі сьвятла дамы і роўныя, як пад лінейку выпісаныя вуліцы. Ліза так і ня выйшла з таго тралейбуса, і ніколі ўжо ня выйдзе. Мо яна проста ў яго ніколі і не садзілася? А дзяўчына, якую звалі Нямона Ліза, што вярнулася ў той вечар дахаты, — гэта ўжо зусім іншая істота і іншая гісторыя, і калі некаму прыйдзе ў галаву паблытаць яе зь Лізаю, дык я б на вашым месцы гэтага не рабіў, бо ці мала што здараецца ў горадзе Менску цёмнымі восеньскімі вечарамі.
19. Жар-птушка
Рокат прыйшоў з усходу, з боку сталіцы, нечаканы і няўхільны, як антыцыклён. Ён усё нарастаў, і мае браты па няшчасьці, якія яшчэ нядаўна сядзелі па кутах асавелыя, нібы п’яныя, цяпер мігам працьверазелі і па чарзе страпянуліся. Моцна, мярзотна, па-мясному гуло недзе над самай вежай — і нават шыбы ледзь чутна забразгаталі ў вокнах, адгукаючыся на гэты прызыўны гук.
«Нас што, бамбіць зьбіраюцца? — падышоў да акна Паўлюк. — Ня самае лепшае рашэньне, га, Міхаіл Юр’евіч?»
«Не дай бог», — перахрысьцілася гаспажа Ацтэцкая.
«Десант сбрасывать будут, — са змрочнай упэўненасьцю кінуў праз плячо Міхаіл Юр’евіч. — Счас хлопцы им покажут, тварям».
Падобна на тое, што гэта і праўда быў вайсковы гелікоптэр — з нашай вязьніцы яго было не відаць, але ён існаваў і натужна гудзеў недзе зусім блізка, здавалася, што нам нават было чуваць, як вібруюць каменьчыкі ў шчылінах замкавых муроў. Я ўявіў сабе гэтую цёмназялёную, як кавалак вырванага зь зямлі лесу, птушку з каронай на галаве, вусьцішную фантастычную істоту з казак Баршчэўскага, якая завісла над узгоркам, пільна ўзіраючыся ў сваю зусім блізкую цэль. Калі Міхаіл Юр’евіч мае рацыю, зараз птушка агледзіцца і пачне несьці яйкі — галавастых ліліпутаў на вяровачках, першы пайшоў, другі пайшоў, а трэцяму не дала… Ліліпуты разаб’юць акно, устаўленае сюды нядаўна на дзяржаўныя грошы, ліліпуты ўварвуцца ў пакоі майго Замка, ліліпуты ні да кога ня будуць мець літасьці.
Але гэта быў не дэсант. Улады не хацелі крыві. Гэта былі вельмі гуманныя ўлады, якія думалі пра тое, як не папсаваць народнае багацьце. Гэта быў лістапад, які нам падаравалі пасярод лета — магчыма, для таго, каб прадэманстраваць сваю чарадзейную сілу.
З гелікоптэра на Замак пасыпаліся лісты паперы. Папера была танная, а на паперы быў невялікі тэкст. У акно нашай турмы мы бачылі, як у замкавы двор паволі апускаюцца шэрыя лісты. Пагойдваючыся ў паветры, яны махалі нам сваімі кончыкамі, Цімур нават хацеў адчыніць акно, каб злавіць адзін зь іх, але пад суворым позіркам Міхаіла Юр’евіча неяк абмяк і пакінуў цяжкую раму ў спакоі.
«Не рискуй почем зря, сынок, — строга прамовіў наш лідэр. — Кто знает, вдруг у гестаповок что в мозгу переклинит. Ты мне живой нужен. И стране тоже».
Высьветлілася, што Міхаіл Юр’евіч быў недалёкі ад праўды. Не таму, што Цімур быў патрэбны краіне, а таму што не пасьпела ўся гэтая зробленая ў Доме друку прапаганда даляцець за зямлі, як дзеўкі Босай пачалі страляніну.
Зброя загаварыла весела, нібы падладжваючыся да рытму верталётнага матора.
То там. То там. То там. Тралялёначка.
Яны стралялі, быццам накладвалі сола на аднастайны рытмічны малюнак. Дзікае сола, што пальцамі граецца на касе сьмерці.
Тататата. Мамамама. Яяяяяя. Адрррррэналін.
Дзеўкі спаборнічалі, хто першы трапіць у гэтую жар-птушку. Магчыма, яны нават прыдумалі нейкі прыз для той, якая падаб’е нябесную госьцю. Напрыклад, такі: выбраць сабе аднаго з палонных і прымусіць яго… Што прымусіць? Ну, варыянтаў было шмат. Ад законаў кітайскай імпэратрыцы да праньня белых сукенак у замкавай лазьніцы.
Я паглядзеў на іншых вязьняў і пабачыў, што яны думаюць пра тое самае.
«Чем эти бабы думают?! — выбухнуў нарэшце Віталік. — Сразу видно, ума ни грамма! Не дай бог попадут в вертолет — дык он же на их и упадет! И на нас заодно! И пиздрык всем!»
«Может, нам лучше под стол залезть? — нэрвова спыталася Жанчына ў Зялёным. — Мужчины, не молчите, скажите, что делать!»
«Да сиди уже! — сказаў Міхаіл Юр’евіч, і голас гэты ішоў ня з глоткі ягонай, а з самага сэрца. — Помирать, так с музыкой!»
«Тралялёначка. Адрэналін. Труна. Так. Так,» — паўтаралі Фалічныя Сымбалі ў руках нябачных дзевак Босай. Можа, яны зусім і не хацелі трапіць у злавесную птушку. Проста хацелі яе папужаць, пагнаць назад на ўсход.