Пасьля Босая паказала мне адну з гэтых улётак, якую яна падняла з падваконьня, калі верталёт зьнік за даляглядам. Тэкст быў у найлепшых традыцыях Краіны Замкаў. «Мяркую, ты б напісаў лепей», — прамармытала шчасьлівая Босая; яна любіла такія рэчы.
«Всем членам, террорестической групперовки!
Предлогаем вам немедленно прикратить протевоправные деяния, за которые законодательством республики, придусмотрена самая строгая мера уголовной ответственности. В случае, добровольной здачи кого-либо из Вас, он будет рассмотрен как смягчающее обстоятельство при рассмотрении дела в компетентных органах власти».
Типография. Номер заказа. Тираж 299 экз.
«Шыкоўна! — сказала Босая, складваючы паперку ў заплечнік. — Ну вось, цяпер я не самотная, цяпер і я кнігу маю, з друкарні пана Марціна Кухты. Любоўнае пісьмо проста. Пойдзе ў калекцыю».
«І багатая ў цябе ўжо калекцыя?»
«Ты сабе нават уявіць ня можаш. Позвы, похвы, адозвы, абвесткі… Знайдзі лішняе».
Лішняе я знайшоў. Але гэта было потым, а пакуль што я сядзеў у пакоі, дзе некалі любілі выпіць наліўкі і выкурыць люльку-другую мае шаноўныя продкі, і назіраў, як іншыя закладнікі гуляюць у карты. Калода была знойдзеная Віталікам за падкладкай ягонай курткі, некалькіх картаў не хапала, але яны з азартам пачалі гульню і бязь іх. Мяне далучыцца ніхто не паклікаў, затое ў мужчынскую кампанію былі безь пярэчаньняў узятыя гаспажа Ацтэцкая і Жанчына ў Зялёным. Гэта былі свае бабы. Свае ў дошку.
Дошка была шырокая, некалі за ёй зьмяшчалася ўся мая фамілія, а калода, ведама ж, аказалася эратычная: трыццаць тры каровы, як у тым старым мультфільме. Прыгажуні з млеючымі позіркамі і млечнымі грудзьмі лёталі сюды-туды па дубовым стале. Гулялі ў падкіднога дурня — як самую простую і ўнівэрсальную гульню. Выйграў Віталік. І яшчэ раз. І яшчэ.
«А давайте на раздевание! — прапанаваў з шчырай ухмылкай пераможца, спрытна тасуючы карты. — Бля, что-то настроение сразу поднялось!»
«Я за, — коратка падтрымаў яго Кунцэ. — Пусть Шпэцль порадуется».
Насуплены Шпэцль, які сядзеў у куце са складзенымі на каленях рукамі, уздрыгнуў, пачуўшы сваё імя, і з надзеяй зірнуў на Кунцэ. Але Кунцэ быў занураны ў карты, і позірк Шпэцля зноў пагас.
Ну вось чаму мне заўжды дастаюцца такія «немцы», думаў я, тупа ўслухоўваючыся ў кароткія перамовы Фалічных Сымбаляў, што рабіліся ўсё радзейшыя. Усе мае знаёмыя ў сталіцы мелі замежных сяброў, калегаў ці проста рэгулярна каталіся за кардон. Яны прадстаўлялі мяне самым розным людзям адтуль, зь не такіх замкавых, як гэтая, краінаў, адтуль, дзе адбывалася ўсё самае цікавае і значнае. Палякам, літоўцам, немцам, чэхам, ангельцам. Мы ціснулі адно аднаму рукі і вялі цікавыя гутаркі, і яны казалі на разьвітаньне, што я вельмі цікавы чалавек і нам нельга губляць кантакт. Быў нават нейкі швэйцарац, які аб’яжджаў Эўропу на дзіцячым самакаце і завітаў па дарозе да нас. Як яго звалі? Эжэн? Той Эжэн ніколі не расставаўся са сваім самакатам, ён нават у прыбіральню хадзіў зь ім, баючыся, што жыхары Краіны Замкаў скрадуць ягоны транспартны сродак і ён так і не даедзе да Ўладзівастоку. «Эжэн, але Ўладзівасток — гэта ж ужо не Эўропа?» — спытаў я на сваёй нямецкай, адной зь дзяржаўных моваў Канфэдэрацыі. Ён не зразумеў, у чым праблема і чаго я ад яго хачу.
Напэўна, ён проста кепска валодаў нямецкай…
Я перазнаёміўся з процьмай іншаземцаў — і ніводная з гэтых сустрэчаў не завяршылася нічым. Яны зьнікалі з майго жыцьця, але працягвалі ліставацца з маімі знаёмымі, запрашаць іх у госьці, арганізоўваць зь імі праекты і піць піва на праспэктах і гарэлку ў іх на лецішчах. Яны былі чароўныя, гэтыя людзі з вольных Эўропаў: свабодныя позіркі, карэктнасьць, культура ў кожным слове, кожным жэсьце. А мне нават візу ніхто не даваў. Быццам лёсам для мяне было падрыхтванае зусім іншае спакушэньне Эўропай. Быццам мне ад Эўропы засталіся нейкія крошкі, што проста высыпалі ў адзін выпадкова абраны турыстычны аўтобус, каб я іх падзёўб і супакоіўся. Кунцэ і Шпэцль былі той Эўропай, якую я заслугоўваў. Мусіць, віной была мая любоў да гісторыі. Нашай велічнай і старажытнай Гісторыі, якую ўжо нікому ня ўдасца сфальсыфікаваць.
20. Новы Год
Калі табе шаснаццаць, пад тваім акном выбіваюць дываны, а ў суседнім пад’езьдзе жыве дзяўчынка, якая любіць саджаць сабе на смочкі ліліпутаў — ты думаеш чым заўгодна, але не галавой.
Сустрэчы з маёй новай сяброўкай былі патрэбныя мне, як зельле. На мяне пачалі пазіраць скоса, я перастаў бачыцца з прыяцелямі — хіба я мог прамяняць сустрэчы з маёй Глюмдалькліч на нейкіх дэбілаў, у якіх усё было так прадказальна і прымітыўна? У яе таксама не зьявілася блізкіх знаёмых — яна ніколі не расказвала пра гэта, але, здаецца, у нашай школе яе не любілі. Ды я і не ўяўляю сабе, як яе мог нехта любіць. Выходныя цягнуліся доўга — але і на выходных мы рабілі ўсё, каб пабачыцца: хаця б на некалькі гадзін, за школай, у лесе, ля чыгункі… А потым здарылася тое, што мусіла здарыцца.