Читаем Белая муха, забойца мужчын полностью

У гэта ня так ужо й лёгка паверыць, але нават на трэці дзень пасьля захопу Замку скандальная гісторыя ніяк не была згаданая дзяржаўнымі мэдыямі. СМІ, сродкамі масавай інфармацыі, як любяць казаць тут, у Краіне Замкаў, гэтыя самыя масы, што толькі і чакаюць, каб да іх штосьці прымянілі, якія-небудзь мыючыя і іншыя спэцсродкі. Пра Босую і нас, яе няшчасных закладнікаў не напісала галоўная дзяржаўная газэта, пра нас не здымалі тэлесюжэтаў і не расказвалі па радыё, якое ў той год шмат увагі надавала культуры і жанчынам, і па якім у перапынках паміж здабытымі ў баях навінамі часьцяком гучаў гіт гэтага лета — песьня пра лясныя пажары: «Гарэла Ганна…»

Таму людзі і жанчыны гэтай краіны жылі досыць спакойна, у добра інфармаванай масе сваёй не падазраючы, што ў самым сэрцы іхнай радзімы паўтара тузіна ашалелых ад паху крыві маладзіцаў трэці дзень мучаць ні ў чым не вінаватых грамадзян абодвух палоў і прыкладна столькі ж грамадзян Расейскай Фэдэрацыі і Эўразьвязу. Дзяржаўныя мэдыі маўчалі, бо не прагучала каманды. Як клапатлівы айцец сямейства, кожны дзяржаўны муж мусіў ахоўваць сваіх апекаванцаў ад панікі і благіх навінаў. Замак быў узяты ў шчыльнае кола аблогі, усярэдзіну якога не пускалі ні ласёў, ні баброў, ні зайцоў, што часам забрыдалі сюды зь недалёкай пушчы, ні нават камароў, якіх у тое лета і так было небагата, ні людзей.

Натуральна, па навакольных вёсках хадзілі чуткі пра тое, што ў Замку робіцца нешта нядобрае, але туды былі выпраўленыя спэцыяльныя хлопцы ў форме без апазнавальных знакаў, якія загадалі спарахнелым бабкам і бяззубым дзядам маўчаць і не распускаць языкі. Напэўна, гэта была залішняя мера — гэтыя вёскі і так нікога не цікавілі, а іх жыхары рэдка пакідалі наседжаныя мясьціны. Праўда, былі яшчэ дачнікі — але іх папярэдзілі першымі, што лепш ім зьехаць са сваіх гародчыкаў да сталічных ніў, інакш кепска будзе.

Дачнікі паслухаліся. Па гарадах поўзалі чуткі і хадзілі непрыкаяныя міліцэйскія патрулі, на вакзалах на ўсялякі выпадак замазалі ўсе беларускамоўныя надпісы, у менскім мэтро зьнялі ўсе рэклямныя шчыты. Вяскоўцы маўчалі. Замак стаяў у аблозе. Тэрмін ультыматуму канчаўся — але ягонай сутнасьці ніхто пакуль ня мог зразумець.

І ўсё ж у век бяздротавых інтэрнэтаў схаваць такую навіну было немагчыма, гэта разумелі ўсе. Вядома, незалежныя журналісты пра ўсё пранюхалі першыя — і на недзяржаўных сайтах інфармацыя зьявілася, як толькі Босая загадала зачыніць замкавую браму і выставіць на мурах вартавых. Пра тое, што гордасьць краіны, нядаўна рэканструяваны Замак у самым сэрцы Бацькаўшчыны, аб’ект культурнай спадчыны, унесены ў адпаведныя сьпісы ЮНЭСКА, захоплены нейкімі невядомымі дзеўкамі, напісалі і жук, і жаба, і нават сайт Саюзу беларускіх пчаляроў, які з абурэньнем адзначыў, што падобныя дзеяньні некаторых несознательных лиц женского пола кепска адбіваюцца на паводзінах пчаліных матак і нэрвуюць трутняў.

Галіна Вітольдаўна Бабец, дырэктар замкавага комплексу ў выгнаньні, ад інтэрвію адмаўлялася, і яе ўпартасьці і гераізму пазайздросьціў бы любы генэрал — а неўзабаве яна і зусім перастала адказваць. Так ёй параілі зрабіць людзі са спэцыяльных службаў: замест размоваў з журналістамі Галіне Вітольдаўне давялося весьці зусім іншыя гутаркі, распавядаючы ў дэталях, як адбываўся захоп — а да таго ж складаць фотаробат Босай і Джэка Патрашыцеля, апісваць Фалічныя Сымбалі, прыгадваць асаблівыя прыкметы. Усё гэта так стаміла дырэктарку, што яна пачала блытацца ў паказаньнях — і яе на нейкі час таксама залічылі ў падазраваныя. Недвухсэнсоўна слабы пол Галіны Вітольдаўны наводзіў сьледчых на роздумы… Адзін зь іх нават высунуў вэрсію, што Галіна Вітольдаўна, як той павук, трымала ў руках усе ніткі пачварнае змовы — а Босая была толькі цацкай у яе руках. На шчасьце, для таго, каб належным чынам разьвіць гэтую цікавую тэорыю, у сьледзтва не хапіла фантазіі.

Зрэшты, праўдзівай інфармацыі ў прэсы было вобмаль — здавалася, Босая гуляе з журналістамі, ставячыся да прапагандысцкай кампаніі па-дзявочаму легкадумна. Так, яна напісала ў сацыяльных сетках пра тое, што разам з паплечніцамі ўчыніла захоп Замка, цалкам усьведамляючы наступствы свайго ўчынку — то бок узяла на сябе адказнасьць. Так, усім было патлумачана, што банда, якая такім нахабным чынам парушыла законы краіны і грамадзкі спакой, складаецца з адных жанчын. Так, слова «фэмінізм» прагучала, і нават слова «радыкальны» — але людзі і жанчыны Краіны Замкаў рашуча адпрэчылі такую пастаноўку пытаньня: «Што за лухта! У нас няма ніякага фэмінізму! — сказалі яны дружна як адзін. — І не было ніколі. Наш народ ня мае такой традыцыі. У нас здаровая нацыя, толькі з бачкоў крыху падпсаваная, падгнілая, але калі ножычкам асьцярожна абрэзаць — можна ў салат!»

Перейти на страницу:

Похожие книги

Оптимистка (ЛП)
Оптимистка (ЛП)

Секреты. Они есть у каждого. Большие и маленькие. Иногда раскрытие секретов исцеляет, А иногда губит. Жизнь Кейт Седжвик никак нельзя назвать обычной. Она пережила тяжелые испытания и трагедию, но не смотря на это сохранила веселость и жизнерадостность. (Вот почему лучший друг Гас называет ее Оптимисткой). Кейт - волевая, забавная, умная и музыкально одаренная девушка. Она никогда не верила в любовь. Поэтому, когда Кейт покидает Сан Диего для учебы в колледже, в маленьком городке Грант в Миннесоте, меньше всего она ожидает влюбиться в Келлера Бэнкса. Их тянет друг к другу. Но у обоих есть причины сопротивляться этому. У обоих есть секреты. Иногда раскрытие секретов исцеляет, А иногда губит.

Ким Холден , КНИГОЗАВИСИМЫЕ Группа , Холден Ким

Современные любовные романы / Проза / Современная русская и зарубежная проза / Современная проза / Романы