Нашыя суседзі за сьцяной, відаць, увесь дзень спалі, ачомваючыся ад гулянкі — а цяпер, з надыходам цемры, зноў распачалі баляваньне. Гэта нагадвала адначасова правіныцыйную дыскатэку, зьезд нацыянал-эўразійскай партыі, новае ўзяцьце Бэрліну і рытуальныя танцы скіфаў пасьля захопу багатай здабычы — і мае браты па няшчасьці, што былі задрамалі, паўздымалі цяжкія галовы, заварушыліся, з зайздросьлівай тугою ўзіраючыся ў непрыступную сьцяну.
«Во дают», — сказаў Віталік.
«Нам бы так», — уздыхнуў Паўлюк.
«Великий народ», — сутаргава зглынуўшы сьліну, пацьвердзіў Міхаіл сьвет Юр’евіч.
«Могли бы и мы потанцевать, — з папрокам сказала Жанчына ў Зялёным. — Завидую тем, кто вот так, в последние минуты перед атакой… Может, завтра нас всех уже не будет в живых».
«Мужчины! — набраўшыся сьмеласьці, усклікнула Віталікава жонка і сама спалохалася ўласнага голасу, пачырванела і дадала ўжо цішэй: — Пригласите дам на танец! Или у нас дамы приглашают кавалеров?»
«Да какие они мужчины… — сказала гаспажа Ацтэцкая. — Что они могут… Тряпки…»
«Папрашу вас не абражаць паноў! — запярэчыў пакрыўджана Рыгор. — Усяму свой час, на ражон лезуць толькі тыя, у каго малако на губах…»
«Да тише вы, вашу мать! — крыкнуў Цімур. — Смотрите!»
Усе недаверліва павярнуліся туды, куды ён паказваў. Да таго месца, дзе сьцяна ў кветачкі, якая дрыжэла ад конскага тупату нашых суседзяў, плаўна пераходзіла ў размаляваную анёлкамі столь, пышную, аздобленую вяршковымі атынкаванымі завіткамі.
Адтуль, прарастаючы ва ўсе бакі тонкімі шчупальцамі, па сьцяне толькі што пайшла расколіна.
Доўгая і страшная расколіна, што пабегла ўніз, да падлогі, расколіна, якая рабілася ўсё шырэйшай — з кожным стукам, з кожным ударам нябачных капытоў, якія чуліся з суседняга пакоя.
«Есть! — глуха прамовіў Міхаіл Юр’евіч. — Пошла, родимая!»
Па той бок сьцяны расколіну заўважылі не адразу, а калі заўважылі, адтуль пачуўся трыюмфальны сьціснуты рык.
«Эй, там, на пароходе! — крыкнуў нам з-за сьцяны малады гістэрычны голас. — Видели чудо? На стену посмотрите, братушки!»
«Видим! Видим, сынок!» — крыкнуў у адказ Міхаіл Юр’евіч.
«Так чего сидите? Ломай ее, ребята!»
І мае браты па няшчасьці кінуліся выконваць загад.
«Стучите по краям, — павучаў з-за сьцяны папоўскі голас. — По краям ее, родимую, сама пойдет!»
Засяроджана малаціў татуіраванымі кулакамі ў кветачкі дарагіх шпалераў Міхаіл Юр’евіч. Біў нагой у цьвёрдым чаравіку Цімур, паддаваў плячом Рыгор, грукаў, нібы прасіў, каб яму адчынілі, Паўлюк. Віталік узяў крэсла і, выцягнуўшы плечы, працаваў каля самай столі. З таго боку сьцяны таксама наваліліся — усёй сваёй першабытнай абшчынай.
«Талакой яе, талакой! — паўтараў задаволена, пабліскваючы вачыма, Рыгор. — Як продкі вучылі! У мяне ўсе прадзеды зь сялянаў, блакітнай крыві ніхто ня меў, да работы мы прывучаны!»
Сьцяна абыякава паддавалася. Расколіна паволі расла, сыпаўся тынк, запахла рамонтам.
«Гэй, як там цябе, немец, давай памагай! Шнэлер, шнэлер, матка-яйка-млека!» — махнуў на немца вольнай рукой Рыгор.
Кунцэ нехаця паплёўся да сьцяны. Але і ягонай масы не хапіла, каб скончыць справу. І тут яны заўважылі мяне.
«Так, а это что такое? — абурыўся Міхаіл Юр’евіч і нават спыніў працу. — Ты чего сидишь, сынок?»
Усе павярнуліся да мяне, забыўшыся на момант пра сваё пачэснае заданьне.
«Ты чего, из этих? — падміргнуў мне злавесна Віталік. — Или тебе здесь, блядь, понравилось?»
«Встать! — залямантаваў Міхаіл Юр’евіч. — Сюда — и давай-давай-работай! Или своими же руками, блядь, кончу на месте! Я за него головой поручился перед серьезными людьми, а он тут жопу греет!»
Я падняўся і падышоў да сьцяны, прываліўся да яе, націснуў, вяла ляпнуў па кветачках кулаком.
«Вот так, — супакоіўся Міхаіл Юр’евіч. — Да посильнее давай. Молодец, писака».
Шпэцль правёў мяне невідушчымі вачыма — яго ніхто і не зьбіраўся запрашаць, на Шпэцля даўно махнулі рукой: пустое месца з мокрым ілбом і сьлінай на падбародзьдзі, але раптам ён, Шпэцль, падскочыў, разагнаўся і тым самым спацелым ілбом сваім ударыў проста ў цэнтар сьцяны, у самую расколіну. Ніхто і войкнуць не пасьпеў ад зьдзіўленьня — а расколіна нечакана разышлася па швах, і на падлогу пасыпалася драўлянае пілавіньне разам з кавалкамі цэмэнту і тынку.
З досыць прасторнай адтуліны да нас па двое, па трое, зь цісканінай і радасным мацюганьнем палезьлі суседзі — і дзіўна было бачыць новых людзей і жанчын пасьля амаль трохдзённага зьняволеньня, дзіўна было бачыць, што існуюць іншыя чалавечыя твары апрача цынічных абліччаў тэрарыстак і абрыдлых ужо за гэты час маіх таварышаў.