Першае, што яны зрабілі, гэта палезьлі да нас цалавацца. Я паспрабаваў ухіліцца ад гэтага ганаровага абавязку, але мяне дагнаў мажны мужык з ланцугом на шыі і, схапіўшы ў жалезабэтонныя абдымкі, прысмактаўся да вуснаў. Недзе я чуў, што цалуюць тройчы — але ён зрабіў гэта разоў пятнаццаць, кожнага разу адрыгваючы. Краем вока я назіраў, як Міхаіл Юр’евіч ціскаецца зь нейкім доўгавалосым юнаком, рукі іхныя спляліся, а целы жарсна прытуліліся адно да аднаго, бы ў нейкім павольным танцы. На Цімуры вісела адразу некалькі кабетаў, Паўлюк цалаваўся з Рыгорам, Віталік ляжаў на падлозе, а на ім поўзалі двое дзядкоў, мацалі яго, як быццам шукалі на целе Віталіка блох або кашалёк. На калені беднаму Шпэцлю ўселася кабета гадоў пяцідзесяці, і на твары Шпэцля была такая асалода, што мне падалося, зараз ён намочыць штаны. Кунцэ абдымаўся з папом у доўгай расе, крычалі дзеці, пранізьліва, так што вушы закладвала — дзяцей было ўсяго трое ці чацьвёра, але яны ўвесь час насіліся сярод нас, з разяўленымі ратамі, сьветлавалосыя дэцыбэлы з позіркамі дэбілаў. А нашы жанчыны абступалі ўсё новых і новых мужчын, гладзілі іх па румяных шчоках і шорсткіх бародах, абвівалі іхныя шыі сваімі лебядзінымі рукамі, і ва ўсім гэтым было столькі жарсьці, што і я на імгненьне паддаўся агульнаму ачмурэньню, зь якога нас вывеў аглушальны і рэзкі стрэл.
Са столі пасыпаўся анёльскі цукар. Усе застылі на месцах, падціснуўшы хвасты. Апасьліва паглядзелі на дзьверы — у пройме стаяла Джэк Патрашыцель з Фалічным Сымбалем у руках і з пагардай абводзіла позіркам нашую оргію яднаньня.
«Я нядаўна высьветліла, што гэтая штука, — патлумачыла Джэк Патрашыцель, павёўшы ствалом, — можа страляць адзіночнымі. А можа і чэргамі. В порядке живой очереди, так бы мовіць».
Усе змрочна маўчалі, зачараваныя чорнай зрэнкай, якая глядзела на нас спакойна і дзелавіта: на ўсіх разам і на кожнага паасобку.
Магчыма, менавіта з гэтай прычыны мы не адразу заўважылі, як над голай, вялікай галавой Джэка Патрашыцеля ўзьнікла прыгожае і шырокае лязо мяча, якое зьявілася з-за яе сьпіны, успыхнула ў сьвятле жырандолі і з усяго размаху апусьцілася на цемя нашай вартаўніцы. Джэк Патрашыцель упала тварам на растаптаны намі дыван, бразнуўся аб паркет Фалічны Сымбаль, пырснула кроў, і празь цела Джэка Патрашыцеля пераступіў добра знаёмы мне чалавек, шавец з атэлье па рамонце абутку.
Тадэвуш Р-скі. Наш вызваліцель.
Мой закляты супернік і вораг.
Пазнаць яго было няцяжка — адно што паўвайсковая форма, якая была на ім, заўжды такім непрыкметным, звычайным жыхаром спальнага раёну, крыху замінала паставіцца да Тадэвуша Р-скага з ранейшай пагардай. Толькі што ён забіў мячом маіх продкаў жанчыну. Забіў са сьпіны, не вагаючыся, і цяпер стаяў перад намі з выглядам народнага збаўцы, шырока расставіўшы ногі і ўсьміхаючыся з асаблівым шляхецкім прыжмурам.
«Гатова, — сказаў Паўлюк. — Няма больш Патрашыцеля».
«Подрочителя, — засьмяяўся азадачана Віталік. — Ну ни хуя себе».
Міхаіл Юр’евіч, відаць, пра нешта здагадваўся. Ён хутка падабраў з падлогі Фалічны Сымбаль, які цяпер ператварыўся зь пякельнай прылады ў звычайную агнястрэльную зброю, парукаўся з Тадэвушам Р-скім і павярнуўся да нас.
«Нам с товарищем поговорить надо, — сказаў ён сувора. — На минутку. А вы, мужики, срочно вниз, собирайте все, что колет, режет, палит, сами разберетесь. За полчаса мы с ними справимся. Они у нас землю жрать будут».
Маўклівы натоўп кінуўся да дзьвярэй, акуратна пераступаючы празь цела Джэка Патрашыцеля. Тадэвуш Р-скі, у бруднай форме, з мокрымі кароткімі валасамі, у залепленых глінай ботах і мокрых нагавіцах быў зусім не такі, як пры нашых сустрэчах у Шляхецкім клюбе. Там я лічыў яго дурнаватым крыкуном — але ў гэты момант побач зь Міхаілам Юр’евічам стаяў, нягучна перамаўляючыся, сапраўдны афіцэр, шляхціч, забойца: ліхія вусы, вострая шабля, быстры конь у галаве. І вяроўка замест сэрца.
Я паспрабаваў прасьлізнуць міма іх, карыстаючыся агульным гармідарам. Ня выйшла: Тадэвуш Р-скі пазнаў мяне і схапіў за плячо.
«Это из моих людей, — усьміхнуўся па-бацькоўску Міхаіл Юр’евіч. — Боец так себе, писака, но выдержал до конца. На допросы его таскали… Не выдал!»
«Я его знаю, — ашчэрыўся Тадэвуш Р-скі. — Никакой он не писака. Самозванец он, прыщ гнойный, и предатель к тому же. Значит, пролез все-таки в мой Замок. А ну-ка пошел за мной! Посидишь пока в отдельном номере, сука!»
Міхаіл Юр’евіч паціснуў плячыма. Я яго больш не цікавіў. У адстаўнога палкоўніка быў шанец зрабіцца генэралам — і марнаваць яго ён не зьбіраўся.
28. Галасуй, а то прайграеш
«Ну што, Якуцкі, — весела сказаў Тадэвуш Р-скі, акуратна прычыняючы за сабой дзьверы. — Зараз ты будзеш трошкі паміраць. Трошачкі, ды, як ні прыкра, навечна. Але я хачу, каб перад сьмерцю ты прызнаў, што Замак належыць нам, Р-скім, і заўсёды належаў нам, а твае сьмярдзючыя дзяды — махляры і халопы, захапілі яго падманам. Падумай, Якуцкі, і прызнай гэта нарэшце».