(VII ст. на н. э.) — старажытнагрэцкі паэт-лірык. Працытаваны ў эпіграфе ўрывак пасля пераасэнсоўвалі ў сваіх вершах Ё. В. Гётэ («Другая начная песня вандроўніка», на беларускую мову яе перакладалі А. Лойка і С. Ліхадзіеўскі) і М. Ю. Лермантаў.
Заір
— старая назва ракі Конга.
Бегемот
— маецца на ўвазе міфічная біблейская істота (гл. Кнігу Ёва, 40, 10-19).
Дадона
— старажытнагрэцкі горад у Эпіры, у якім знаходзіўся аракул Зеўса, чые адказы расшыфроўваліся па шолаху лістоты дуба.
Берэніка
Ібн-Заят Абу Джафар Махамед ібн Абд аль-Малек ібн Абан
(памёр каля 830 г.) — арабскі паэт і палітычны дзеяч (візір пры халіфе аль-Мутасіме Абасідзе); звесткі пра яго падаюцца ў энцыклапедыі Бартэльмі д'Эрбло Маленвіля «Усходняя бібліятэка» (Bibliothèque Orientale, 1697), дзе сярод іншага паведамляецца, што Ібн-Заят быў адным з самых адукаваных людзей свайго часу, і даецца кароткі пераказ элегіі, урывак з лацінскага перакладу якой прыводзіць Э. По і ў якой аўтар расказвае пра сваё каханне да рабыні. На параду сяброў наведаць магілу каханай, каб атрымаць палёгку, лірычны герой адказвае: «Ці ёсць у яе іншая магіла, апроч майго сэрца?» (паводле французскага перакладу арабскага тэксту).
Арнгейм
— маляўнічы нідэрландскі горад.
Цэлій Секунд Курыён
(1503-1569) — італьянскі гуманіст.
Аўрэлій Аўгустын
(354-430) — хрысціянскі філосаф, пісьменнік і багаслоў, адзін з Айцоў Царквы. Твор «Пра горад Божы» быў напісаны каля 426 г.
Квінт Септымій Фларэнс Тэртуліян
(каля 155 — каля 230) — раннехрысціянскі багаслоў. Цытата ўзятая з твора «Пра цела Хрыстова», частка V, раздзел 4.
Клаўдый Пталямей
(87-165) — гл. каментар да апавядання «Элеанора».
Сіманід Кеоскі
(каля 556-468 да н. э.) — адзін з самых значных старажытнагрэцкіх паэтаў-лірыкаў.
Мары Сале
(1707-1756) — французская балерына.
Падзенне ў Мальстрэм
Мальстрэм
— вір у Нарвежскім моры ля паўночна-заходняга ўзбярэжжа Нарвегіі.
Дэмакрытаў калодзеж
— гл. каментар да апавядання «Лігея».
Джозэф Глэнвіл
— гл. каментар да апавядання «Лігея».
Лафатэн, альбо Лафатэнскія выспы
— архіпелаг у Нарвежскім моры ля паўночна-заходняга ўзбярэжжа Нарвегіі.
Нубійскі географ
— гл. каментар да апавядання «Элеанора».
Mare Tenebrarum
— гл. каментар да апавядання «Элеанора».
Трысель
— касы чатырохвугольны ветразь, мае форму няправільнай трапецыі. Зарыфлены — прыспушчаны.
Ёнас Рамус
(1649-1718) — нарвежскі гісторык. Менавіта яго апісанне Мальстрэма Эдгар По выкарыстаў для свайго апавядання.
Нарвежская міля
— 11 295 метраў.
Флегетон
— у старажытнагрэцкай міфалогіі вогненная рака, што атачае падземны свет.
Лінейны карабель
— клас трохмачтавых драўляных ваенных караблёў. Мелі поўнае водазмяшчэнне (ад 500 да 5500тонаў), ад 30 да 150 гарматаў і экіпаж колькасцю ад 300 да 800 чалавек. Будаваліся з XVII стагоддзя да пачатку 1800-х гадоў для вядзення марскіх баёў.
Атанасіюс Кірхер
(1602-1680) — нямецкі езуіт, навуковец, адзін з самых вучоных людзей свайго часу.
Батнічны заліў
— заліў у паўночнай частцы Балтыйскага мора.
Планшыр
— гарызантальны драўляны ці стальны брус па абводзе корпуса карабля для надання трываласці, а таксама для замацавання такелажу.
Рым
— металічнае колца на судне для замацавання снасцяў.
Залаты жук
Артур Мэрфі
(1727-1805) — ірландскі пісьменнік, журналіст, актор і драматург; паводле А. Нікалюкіна, прыведзеныя ў эпіграфе словы адсутнічаюць у камедыі «Усе памыляюцца» (1761) — мяркуецца, што яны запісаныя Эдгарам По па памяці на аснове ўбачанага ім спектакля. Паводле легендаў уратаваць ад смерці пасля ўкусу тарантула мог толькі адмысловы танец — тарантэла.
Форт Моўуітры
— у гэтым форце Эдгар По правёў больш за год падчас свае службы ў войску ЗША.
Ян Свамердам
(1637-1680) — нідэрландскі натураліст, які вывучаў анатомію чалавека і жывёлаў асабліва насякомых.
Цафра
— блакітны пігмент, што выкарыстоўваецца для малявання на шкле ці парцаляне.
Ўільям Кід
(каля 1650-1701) — ангельскі пірат, якога судзілі за злачынствы і павесілі, аднак вакол імені якога доўга не сціхалі спрэчкі, напраўду ён быў піратам ці ўсё ж меў каперскі патэнт і не нападаў на саюзнікаў. Падчас арышту пры ім не было амаль ніякіх грошай, што і нарадзіла легенду пра «скарб капітана Кіда».
Галконда
— старажытная індыйская крэпасць непадалёк ад Хайдэбарада, у ваколіцах якой здабывалі дыяменты.
Гішпанскі мацярык
— так называлі тэрыторыі Паўднёвай Амерыкі і прылеглыя моры, якія былі захопленыя гішпанцамі.
Забойствы на вуліцы Морг
Томас Браўн
(1605-1682) — ангельскі доктар і пісьменнік. Эпіграф узяты з трактата «Пахаванне ў урнах» (1658), частка V, прысвечанага старажытным норфалкскім магільным урнам.