Назаўтра раніцай а пятай з чвэрткай гадзіне да дзвярэй гасцініцы пад’ехаў «віліс»; з яго выскачыў капітан інжынерных войск эквадорскай арміі і далажыў, што ён з’явіўся ў наша распараджэнне. Ён меў загад прывезці нас у Ківеда, не зважаючы ні на якую гразь. «Віліс» быў застаўлены каністрамі з бензінам, бо на дарозе, што чакала нас наперадзе, не было ні бензінавых калонак, ні нават следу колаў. У сувязі з паведамленнямі аб «бандыдас» наш новы сябар капітан Агурта Алексіс Альварэс быў узброены да зубоў нажамі і вогнестрэльнай зброяй. Мы ж прыехалі ў Эквадор з самымі мірнымі намерамі, у куртках і гальштуках, каб купіць на ўзбярэжжы бярвенняў для плыта, і ўся наша маёмасць на «вілісе» складалася з мяшка з бляшанкамі кансерваў, калі не лічыць наспех купленых намі брызентавых штаноў колеру хакі — па пары на кожнага — і старэнькага фотаапарата. Апрача таго, генеральны консул прымусіў нас узяць яго вялізны парабелум з поўным запасам патронаў, каб мы маглі знішчыць кожнага, хто надумаецца стаць нам на дарозе. «Віліс» са свістам прамчаўся па пустых вулачках, дзе прывіднае святло месяца залівала пабеленыя гліняныя сцены, мы выехалі за горад і хутка памчаліся па добрай пясчанай дарозе на поўдзень цераз горы.
Добрая дарога ўздоўж хрыбта вяла да горнай вёскі Латакунга, дзе індзейскія домікі без вокнаў цесна стаялі вакол белай вясковай царквы з пальмамі на плошчы перад ёю. Тут мы звярнулі на дарогу для мулаў, якая, то падымаючыся, то апускаючыся, вілася на захад па ўзгорках і далінах Андаў. Мы апынуліся ў свеце, які нам ніколі не сніўся. Гэта быў свет горных індзейцаў — на ўсход ад сонца і на захад ад месяца[17]
, размешчаны па-за часам і па-за прасторай. За ўсю дарогу мы не бачылі ніводнай фурманкі, ніводнага кола. Нам трапляліся толькі басаногія пастухі ў стракатых панчо, якія гналі перад сабой бязладныя статкі павольных лам, ды зрэдку па дарозе праходзілі цэлыя сем’і індзейцаў. Муж звычайна ехаў наперадзе на муле, між тым як яго маленькая жонка, дробна перабіраючы нагамі, бегла ззаду з цэлай калекцыяй капелюшоў на галаве і малым дзіцем у кашолцы за спінай. I ўвесь час яна на хаду прала воўну. Ззаду, без усякіх паганятых, цягнуліся аслы і мулы, нагружаныя сухім ламаччам, чаротам і глінянай пасудай.Чым далей мы рухаліся, тым больш рэдка сустракаліся нам індзейцы, якія ўмелі гаварыць па-іспанску, і неўзабаве лінгвістычныя веды Агурта сталі такімі ж бескарыснымі, як і нашы. Тут і там былі відаць кучкі хацін, што ляпіліся на схілах гор; гліняныя пабудовы трапляліся ўсё радзей і радзей, усё часцей і часцей сустракаліся хаціны з галін і сухой травы. Здавалася, што і гэтыя халупы, і карычневыя ад сонца людзі, з пакрытымі сеткай маршчын тварамі, выраслі з самой зямлі пад праменнямі спякотнага сонца Андаў. Яны з’яўляліся такой жа неад’емнаю часткаю скал, каменных восыпаў і горных паш, як і сама трава горных лугоў. Не маючы амаль ніякай маёмасці, нізкарослыя горныя індзейцы вызначаюцца жалезнай вынослівасцю дзікіх жывёл і дзіцячай непасрэднасцю першабытнага народа; і чым менш яны размаўляюць, тым больш смяюцца. Мы ўсюды сустракалі ззяючыя твары з беласнежнымі зубамі. Белы чалавек наўрад ці здолеў бы патраціць або зарабіць у гэтых мясцінах хоць адзін шылінг. Тут не было ні афіш, ні дарожных знакаў, і калі на дарогу падала якая-небудзь бляшанка або абрывак паперы, іх зараз жа падбіралі як карысную для гаспадаркі рэч.
Мы падымаліся ўгару па выпаленых сонцам схілах без ніводнага кусціка або дрэва і спускаліся ў даліны, пакрытыя голымі пяскамі, зарослыя толькі кактусамі, пакуль не ўзабраліся, нарэшце, на самы грэбень гор; вакол слаліся снегавыя палі ў дзьмуў такі пранозлівы халодны вецер, што мы вымушаны былі запаволіць хуткасць, каб не ператварыцца ў ледзяшы; мерзнучы ў сваіх лёгкіх кашулях, мы марылі аб спякоце джунгляў. Нам давялося доўга кружыць сярод гор па камяністых восыпах і травяністых схілах, шукаючы дарогу далей. Але калі мы дасягнулі заходняга схілу, дзе Анды крута абрываюцца да падножжа, сцежка, разлічаная на язду верхам, па якой мы рухаліся дагэтуль, далей пайшла па навіслых над бяздоннем карнізах, і з усіх бакоў нас акружалі толькі стромкія скалы і вузкія цясніны. Усе нашы надзеі былі цяпер на Агурта, які, скурчыўшыся, сядзеў за рулём і ледзь паспяваў своечасова звярнуць кожны раз, як толькі мы набліжаліся да краю прадоння. Раптам рэзкі парыў ветру ўдарыў нам у твар; мы дасягнулі краю грэбеня, адкуль Анды радам абрывістых уступаў крута спускаліся да джунгляў, якія ляжалі далёка ўнізе, на дне прадоння глыбінёй каля 4 000 метраў. Але нам не давялося адчуць галавакружэння ад позірку на гэтае далёкае мора джунгляў: як толькі мы дасягнулі краю грэбня, нас ахуталі густыя воблакі, непраглядныя, як дым з катла ведзьмы. Але цяпер дарога пайшла крута ўніз без усякіх перашкод. Увесь час уніз, уздоўж цяснін, скал і грэбеняў, а паветра рабілася ўсё больш вільготным і цёплым і ўсё больш напаўнялася цяжкім душным водарам цяпліц, які падымаўся з джунгляў, што рассцілаліся ўнізе.