Нага ў Германа ныла і балела некалькі дзён, але, не зважаючы на гэта, ён не адставаў ад нас і гойсаў на кані па лясных сцежках, шукаючы новыя гіганцкія бальзавыя дрэвы. Час-ад-часу мы чулі ў глухім, некранутым лесе скрып і трэск і глухі шум падзення. Дон Федарыка задаволена ківаў галавой. Гэта азначала, што яго рабочыя-метысы павалілі яшчэ адно вялізнае бальзавае дрэва для плыта. На працягу тыдня да Ку далучыліся Канэ, Кама, Іла, Мауры, Ра, Рангі, Папа, Таранга, Кура, Кукара і Хіці — усіх разам дванаццаць магутных бальзавых дрэў, названых у гонар легендарных палінезійскіх герояў, чые імёны былі калісьці прывезены адначасова з іменем Цікі з-за акіяна з Перу. Бліскучыя ад соку бярвенні былі вывезены з лесу спачатку на конях, а потым трактар дона Федарыка прыцягнуў іх на бераг ракі перад бунгала.
Бярвенні, поўныя драўніннага соку, былі зусім не такія лёгкія, як корак. Яны важылі, напэўна, па тоне кожнае, і нас вельмі непакоіла думка аб тым, як яны будуць трымацца на вадзе. Адно за другім мы падкацілі іх да краю берага; там мы да канца кожнага бервяна прывязалі вяроўку з моцных сцяблоў ліян, каб яго не панесла з вадою, калі яно будзе спушчана ў раку. Потым мы скацілі бярвенні па адным з берага. Падаючы, кожнае бервяно ўзнімала вялізныя фантаны пырскаў. Бярвенні кружыліся і плавалі, апусціўшыся ў ваду да палавіны; яны не асядалі, калі мы хадзілі па іх. Звязаўшы бярвенні моцнымі ліянамі, якія скрозь і ўсюды звісалі з верхавін дрэў у джунглях, мы зрабілі два часовыя плыты; адзін з іх павінен быў весці другога на буксіры. Затым мы пагрузілі на плыты запас бамбукавых ствалоў і ліян — яны павінны былі спатрэбіцца нам пазней, — і я з Германам перайшоў на плыт у суправаджэнні двух мужчын невядомай змешанай расы, якія не разумелі нас і якіх мы не разумелі таксама.
Калі мы адплылі ад берага, бурлівы паток вады падхапіў нас і шпарка панёс уніз па плыні. Абмінаючы першы мыс, мы кінулі развітальны позірк назад і скрозь пырскі вады ўбачылі нашых сяброў, якія стаялі на краі берагавога выступу перад бунгала і махалі нам услед. Потым мы залезлі пад маленькую паветку з зялёнага бананавага лісця, даверыўшы усе кіраванне плытом двум карычневым спецыялістам, якія, кожны з вялікім вяслом у руках, прымасціліся адзін на носе, а другі на карме. Спакойнымі рухамі без усякіх намаганняў яны трымалі плыт на самай быстрыні, і мы, пагойдваючыся, імчаліся ўніз па рацэ, раз-по-раз мяняючы курс, каб абмінуць затопленыя ствалы дрэў і пясчаныя водмелі.
Джунглі стаялі суцэльнай сцяной уздоўж абодвух берагоў; папугаі і іншыя птушкі з яркім апярэннем выпырхвалі з густой лістоты, калі мы праплывалі міма. Некалькі разоў мы бачылі, як пры нашым набліжэнні то тут, то там кідаўся ў раку алігатар і адразу знікаў у каламутнай вадзе. Неўзабаве, між іншым, мы ўбачылі яшчэ больш цікавую пачвару. Гэта была ігуана[19]
, або гіганцкая яшчарка велічынёй з кракадзіла, але з вялікім гарлавым мяшком і грэбенем уздоўж спіны. Яна драмала на гліністым беразе, быццам спала тут з дагістарычных часоў, і не паварушылася, калі мы бясшумна праплылі паўз яе. Весляры рабілі нам знакі, каб мы не стралялі. Праз некаторы час мы ўбачылі другую ігуану, амаль з метр даўжынёю. Яна ўцякала па тоўстым суку, які звешваўся над самым плытом. Апынуўшыся ў бяспечным месцы, ігуана спынілася, ззяючы на сонцы сваёй сіне-зялёнай скурай, і ўтаропілася на нас халоднымі змяінымі вачыма. Потым мы плылі міма зарослага папараццю ўзгорка, і на яго вяршыні ўбачылі яшчэ адну ігуану, самую вялікую з усіх. Нерухома стоячы з узнятымі грудзьмі і галавой, яна вырысоўвалася на фоне неба, нагадваючы высечаны з каменя сілуэт паласатага дракона. Яна нават не павярнула галавы, калі мы міналі ўзгорак, а пасля знікла ў джунглях.Плывучы далей, мы адчулі пах дыму і ўбачылі на прагалінах уздоўж берага некалькі хацін з саламянымі стрэхамі. За нашым плытом пільна сачылі, стоячы на беразе, злавесныя з выгляду людзі, вычварная помесь індзейцаў, неграў і іспанцаў. Іхнія лодкі, вялізныя выдаўбаныя чаўны, ляжалі на беразе, перакуленыя дагары дном.
Калі настаў час абеду, мы падмянілі нашых прыяцеляў ля рулявых вёслаў, пакуль тыя смажылі рыбу і плады хлебнага дрэва на невялікім агні, раскладзеным на пласце мокрай гліны. Смажаныя кураняты, яйкі і трапічная садавіна таксама ўваходзілі ў наша меню. А плыт тым часам шпарка плыў і плыў, несучы нас праз джунглі да акіяна. Якая нам цяпер справа да таго, што дажджы затапілі ўсю краіну? Чым большыя дажджы, тым шпарчэй цячэ рака.