У Вашынгтоне ўсё яшчэ стаяла суровая зіма, халодная і снежная. Я вярнуўся туды ў лютым. Бёрн энергічна ўзяўся за праблему радыё, і яму ўдалося зацікавіць амерыканскае таварыства радыё-аматараў і дамовіцца, што яго члены будуць прымаць паведамленні з плыта. Кнут і Тарстэйн займаліся арганізацыяй сувязі, якая павінна была ажыццяўляцца з дапамогай караткахвалевых перадатчыкаў, сканструяваных спецыяльна для гэтай мэты, а часткова з дапамогай партатыўных радыёстанцый, якімі карысталіся ў час вайны ўдзельнікі Супраціўлення. Трэба было вырашыць тысячу пытанняў, вялікіх і маленькіх, калі мы хацелі выканаць у час падарожжа ўсё, што было задумана. А горы паперак у папках усё раслі і раслі. Ваенныя і цывільныя дакументы, белыя, жоўтыя і сінія, на англійскай, іспанскай, французскай і нарвежскай мовах. У наш практычны век нават падарожжа на плыце павінна было абысціся папяровай прамысловасці ледзь не цэлай піхтай. Законы і абмежаванні звязвалі нас па руках і нагах; мы вымушаны былі разблытваць адзін вузел за другім.
— Гатоў біцца аб заклад, што ўся гэтая перапіска важыць дзесяць кілаграм, — сказаў неяк у роспачы Кнут, згінаючыся над пішучай машынкай.
— Дванаццаць, — спакойна ўдакладніў Тарстэйн. — Я ўзважыў.
Мая маці, відаць, добра разумела наша становішча, калі пісала ў гэтыя драматычныя дні апошніх падрыхтаванняў: «Мне хочацца аднаго — ведаць, што вы ўсе шасцёра ўжо шчасліва знаходзіцеся на плыце!»
Потым аднойчы прыйшла спешная тэлеграма з Лімы аб тым, што Герман быў перакулены ў час купання магутнай хваляй і выкінуты на бераг, моцна пабіты і з вывіхнутай шыяй. Ён знаходзіўся на лячэнні ў адной з бальніц Лімы.
Да яго адразу ж вылецелі Тарстэйн Рабю і Герд Волд, якая ў час вайны была прадстаўніцай у Лондане адной з груп нарвежскага руху Супраціўлення, а цяпер дапамагала нам у Вашынгтоне. Герман ужо ачуньваў. Яго паўгадзіны пратрымалі падвешаным на рамнях, сцягнутых вакол галавы, пакуль дактары ставілі яму на месца першы шыйны пазванок. Рэнтгенаўскі здымак паказаў, што пазванок меў трэшчыну і перавярнуўся задам наперад. Германа выратавала ад смерці яго цудоўнае здароўе; неўзабаве ён выпісаўся з бальніцы і, увесь у сіняках, не могучы павярнуць шыі, з рэўматычнымі болямі, зноў з’явіўся ў ваенным порце, куды былі прывезены бальзавыя бярвенні, і ўзяўся за работу. Ён павінен быў на працягу некалькіх тыдняў знаходзіцца пад наглядам дактароў, і мы не былі ўпэўнены, ці здолее ён плысці разам з намі. Але сам ён ні на хвіліну не сумняваўся ў гэтым, нягледзячы на першае горкае выпрабаванне ў абдымках Ціхага акіяна.
Праз некаторы час прыляцеў з Панамы Эрык, а Кнут і я — з Вашынгтона, і цяпер мы ўсе сабраліся ў нашым зыходным пункце — Ліме.
На беразе на тэрыторыі ваеннага порта ляжалі вялізныя бальзавыя бярвенні з лясоў Ківеда. Усе мы былі расчулены гэтай сустрэчай. Свежассечаныя круглыя бярвенні, жоўтыя ствалы бамбуку, чарот і зялёнае бананавае лісце — увесь наш будаўнічы матэрыял — ляжалі зваленыя ў кучы сярод грозных падводных лодак і эсмінцаў. Шэсць светласкурых ураджэнцаў Поўначы і дваццаць карычневых «матросаў», у венах якіх цякла кроў інкаў, махалі сякерамі і доўгімі нажамі — мачэце[20]
, упрагаліся ў канаты і вязалі вузлы. Падцягнутыя марскія афіцэры ў сіняй з золатам форме хадзілі міма і здзіўлена пазіралі на гэтых бледных чужаземцаў і на гэтыя раслінныя матэрыялы, што так нечакана з’явіліся ў іх у порце.Першы раз за апошнія стагоддзі бальзавы плыт будаваўся ў бухце Кальяо. Легенды інкаў сцвярджаюць, што ў гэтых берагавых водах іх продкі ўпершыню навучыліся плаваць на такіх плытах ад знікшага племені Кон-Цікі, а гістарычныя даныя сведчаць аб тым, што ў больш познія часы еўрапейцы забаранілі індзейцам карыстацца плытамі. Плаваючы на адкрытым плыце, чалавек рызыкуе жыццём. Патомкі інкаў ішлі ў нагу з часам; як і мы, яны носяць штаны са складкай і матроскі. Бамбук і бальза належаць першабытнаму мінуламу; тут таксама ўсё рухаецца наперад — да брані і сталі.
Ультрасучасны порт рабіў для нас цудоўныя паслугі. З Бенгтам як перакладчыкам і з Германам як галоўным канструктарам мы адчувалі сябе ў шматлікіх цяслярскіх і парусных майстэрнях нібы дома; для захоўвання нашага рыштунку мы мелі ў сваім распараджэнні палову пакгауза; нам выдзелілі невялікі плывучы пірс, ля якога мы спусцілі бярвенні ў ваду, калі распачалося будаўніцтва.