Мы выбралі дзевяць самых тоўстых бярвенняў, лічачы, што іх хопіць на плыт. Для таго каб вяроўкі, якія павінны былі злучыць між сабой бярвенні і змацаваць увесь плыт, не маглі саслізнуць, у бярвеннях былі выразаны глыбокія пазы. Ва ўсім збудаванні не было ні аднаго кастыля або цвіка, ні аднаго кавалка стальнога троса. Перш за ўсё мы спусцілі дзевяць вялікіх бярвенняў у ваду, адно ля другога, пачакалі, колькі трэба, каб яны набылі тое становішча, у якім яны плавалі б у натуральных умовах, а потым моцна звязалі іх паміж сабой. Самае доўгае бервяно, чатырнаццаціметровае, было пакладзена пасярэдзіне і даволі намнога вытыркалася з абодвух канцоў. Абапал яго былі сіметрычна ўкладзены астатнія бярвенні, чым далей ад сярэдняга, тым усё карацейшыя, так што па баках плыт меў у даўжыню каля дзесяці метраў, а нос вытыркаўся нібы навугольнік снегаачышчальніка. Карма плыта была абрэзана па прамой, за выключэннем трох сярэдніх бярвенняў, якія крыху тырчалі назад; на гэтым выступе была ўмацавана кароткая тоўстая калода з бальзавага дрэва, якая ляжала ўпоперак плыта і мела гнёзды для ўключыны рулявога вясла. Калі дзевяць бальзавых бярвенняў былі моцна звязаны асобнымі кавалкамі пяньковай вяроўкі таўшчынёй трыццаць міліметраў, зверху, упоперак іх, прыблізна праз кожны метр, мы ўмацавалі тонкія бальзавыя бярвенні — ранжыны[21]
. Сам плыт быў цяпер гатовы, старанна змацаваны трыма сотнямі вяровак рознай даўжыні, кожную з якіх мы завязалі моцным вузлом. Наверсе мы наслалі палубу з расшчэпленых бамбукавых ствалоў, прымацаваных да ранжын; палуба была заслана цыноўкамі, сплеценымі з маладых парасткаў бамбуку. Пасярэдзіне плыта, крыху бліжэй да кармы, мы пабудавалі невялікую адкрытую каюту з бамбукавых жэрдак; сцены яе былі сплецены з бамбукавых парасткаў, а дах зроблены з бамбукавых планак і глянцавітых бананавых лісцяў, укладзеных адзін на адзін, нібы чарапіца. Перад каютай мы паставілі адну ля другой дзве мачты. Яны былі высечаны з цвёрдага, як жалеза, мангравага дрэва; яны стаялі нахільна адна да адной, і верхавіны іх былі звязаны разам крыж-накрыж. Вялікі чатырохкутны парус быў умацаваны на рэі, якую мы зрабілі з двух бамбукавых ствалоў, папярэдне звязаўшы іх для большай трываласці разам.Дзевяць вялікіх бярвенняў, на якіх мы збіраліся пераплыць акіян, былі спераду завостраны, як у плытах індзейцаў, каб яны маглі лепш слізгаць у вадзе, а на носе над самай паверхняй вады мы зрабілі вельмі нізкі фальшборт для абароны ад хваль.
У некалькіх месцах, дзе паміж бярвеннямі былі вялікія шчыліны, мы прасунулі тоўстыя сасновыя дошкі, — пяць штук, якія ішлі ў ваду на паўтара метра папярочным кантам уніз пад прамым вуглом да плыта. Яны былі размешчаны без усякай сістэмы, мелі ў таўшчыню дваццаць пяць міліметраў, а ў шырыню шэсцьдзесят сантыметраў. Яны трымаліся на месцы з дапамогай кліноў і вяровак і з’яўляліся, уласна кажучы, маленькімі паралельнымі кілямі, або швертамі. Такія кілі меліся на ўсіх бальзавых плытах у часы інкаў задоўга да адкрыцця Амерыкі і прызначаліся для таго, каб не даваць ветру і плыні зносіць плоскія драўляныя плыты з вызначанага напрамку. Ніякіх парэнчаў або агарожы вакол плыта мы не рабілі, але ўздоўж кожнага борта было пакладзена доўгае тонкае бальзавае бервяно, якое давала цвёрдую апору для ног.
Уся пабудова з’яўлялася дакладнай копіяй старадаўніх перуанскіх і эквадорскіх суднаў, калі не лічыць нізкага фальшборта на носе, які, як потым высветлілася, быў зусім непатрэбны. Што датычыць розных дэталей абсталявання, то мы, вядома, маглі выбіраць усё адпаведна свайму густу, калі толькі гэта не адбівалася на мараходных якасцях нашага судна. Мы ведалі, што ў недалёкім будучым плыт будзе для нас усім светам і што таму кожная дробязь у тым, як мы ўладкуемся, з кожным тыднем, праведзеным на плыце, будзе набываць усё большае значэнне.
Таму мы пастараліся надаць нашай маленькай палубе па магчымасці больш разнастайны выгляд. Бамбукавы насціл пакрываў не ўвесь плыт: ён цягнуўся толькі перад бамбукавай каютай і ўздоўж правага адкрытага боку яе. Злева ад каюты было штосьці накшталт задняга двара, застаўленага моцна прывязанымі скрынкамі і прадметамі рыштунку; паміж імі і краем плыта заставаўся толькі вузкі праход. Спераду на носе і на карме, аж да задняй сцяны каюты, дзевяць вялізных бярвенняў не мелі ніякага насцілу. Такім чынам, калі мы хацелі абысці вакол бамбукавай каюты, мы павінны былі з жоўтага бамбукавага насцілу і плеценых цыновак перашагнуць на круглыя шэрыя бярвенні на карме, а потым зноў падняцца на кучы грузу, што ляжалі з другога боку. Адлегласць была невялікая, але псіхалагічны эфект ад пераадолення нейкіх перашкод ствараў уражанне разнастайнасці і кампенсаваў абмежаванасць прасторы, па якой мы маглі рухацца. На верхавіне мачты мы зрабілі драўляную пляцоўку — не так для таго, каб мець назіральны пункт, калі мы будзем, нарэшце, набліжацца да зямлі, як для таго, каб можна было залезці на яе ў час плавання і глядзець на акіян пад іншым вуглом.