27 красавіка быў узняты нарвежскі флаг, а на рэі развяваліся флагі замежных дзяржаў, якія аказалі экспедыцыі практычную падтрымку. Набярэжная была запоўнена людзьмі, што хацелі паглядзець на цырымонію «хрышчэння» незвычайнага судна. Колер скуры і рысы твару многіх гледачоў сведчылі аб тым, што іх далёкія продкі плавалі на бальзавых плытах уздоўж гэтага берага. Але былі тут і патомкі старадаўніх іспанскіх сем’яў на чале з прадстаўнікамі марскога ведамства і ўрада, а таксама паслы Злучаных Штатаў, Вялікабрытаніі, Францыі, Кітая, Аргенціны і Кубы, былы губернатар англійскіх калоній у Ціхім акіяне, шведскі і бельгійскі пасланнікі і, нарэшце, нашы сябры-землякі, супрацоўнікі нарвежскага консульства, на чале з генеральным консулам Барам. Мітусіўся натоўп журналістаў, пстрыкалі кіноапараты; не хапала толькі духавога аркестра і вялікага барабана. Нам усім было зразумела толькі адно: калі плыт рассыплецца на часткі пасля выхаду з гавані, мы лепей паплывем у Палінезію кожны на асобным бервяне, чым асмелімся вярнуцца назад.
На долю Герд Волд, сакратара экспедыцыі і сувязной паміж намі і мацерыком, выпала «ахрысціць» плыт малаком какосавага арэха часткова таму, што гэта гарманіравала з каменным векам, а часткова таму, што шампанскае па памылцы было схавана на дне асабістай скрыні Тарстэйна. Пасля таго як усім, хто сабраўся нас праводзіць, было аб’яўлена па-англійску і па-іспанску, што плыту даецца імя вялікага папярэдніка інкаў — сонца-караля, які паўтары тысячы год назад знік з Перу і, паплыўшы па акіяну на захад, пазней з’явіўся ў Палінезіі, — Герд Волд распачала цырымонію «хрышчэння» плыта «Кон-Цікі». Яна так моцна ўдарыла какосавым арэхам (шкарлупіна якога была ўжо наколана) аб нос плыта, што малако і кавалачкі ядра трапілі ажно на валасы бліжэйшых гледачоў, што пачціва стаялі навокал.
Потым мы падцягнулі ўгору бамбукавую рэю і паднялі парус, у цэнтры якога наш мастак Эрык намаляваў чырвонай фарбай барадаты твар Кон-Цікі. Гэта была дакладная копія галавы сонца-караля з высечанай з чырвонага каменя статуі, якую знайшлі у разбураным горадзе Ціахуанака.
— Ах, сеньёр Даніельсон! — у захапленні ўсклікнуў старшы рабочы з партовай майстэрні, убачыўшы барадаты твар на парусе.
Ён называў Бенгта сеньёрам Кон-Цікі на працягу двух месяцаў пасля таго, як мы паказалі яму барадаты твар Кон-Цікі на лісце паперы. I толькі цяпер ён, нарэшце, зразумеў, што сапраўднае прозвішча Бенгта было Даніельсон.
Перад адплыццём мы ўсе былі запрошаны да прэзідэнта на развітальную аудыенцыю, а пасля яе зрабілі прагулку высока ў горы, каб уволю наглядзецца на скалы і камяністыя восыпы, перш чым мы рушым у дарогу па бязмежным акіяне. Пакуль ішла работа па будаўніцтву плыта на беразе, мы жылі ў пансіёне сярод пальмавага гаю ў аколіцах Лімы; у порт Кальяо і назад мы ездзілі на аўтамабілі міністэрства авіяцыі з шафёрам, якога Герд удалося наняць на час падрыхтоўкі экспедыцыі. Цяпер мы папрасілі шафёра завезці нас проста ў горы як мага далей, але з такім разлікам, каб можна было вярнуцца ў той жа дзень. I вось мы кацілі па пустэльных дарогах уздоўж старажытных арашальных каналаў часоў інкаў, пакуль не дасягнулі галавакружнай вышыні 4 000 метраў над мачтай нашага плыта. Тут мы проста елі вачыма скалы, і горныя вяршыні, і зялёную траву, стараючыся наглядзецца на спакойныя горныя кручы Андаў, якія рассцілаліся перад намі. Мы імкнуліся пераканаць саміх сябе, што нам страшэнна абрыдлі каменні і цвёрдая зямля і што мы прагнем хутчэй падняць свой парус і пазнаёміцца з акіянам.
РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЕРТЫ
ПА ЦІХІМ АКІЯНЕ. I
Драматычнае адплыцце. — Мы выходзім на буксіры ў адкрытае мора. — Узнімаецца вецер. — Змаганне з хвалямі. — Жыццё ў плыні Гумбольдта. — Самалёт не знаходзіць нас. — Бярвенні ўбіраюць у сябе ваду. — Дрэва і вяроўкі. — Мы харчуемся лятучымі рыбамі. — Незвычайны сусед па ложку. — Змяіная макрэль трапляе ў няёмкае становішча. — Вочы ў акіяне. — Расказ пра марскую здань. — Мы сустракаем самую вялікую на свеце рыбу. — Пагоня за марской чарапахай.
У той дзень, калі буксір павінен быў вывесці «Кон-Цікі» ў адкрыты акіян, у гавані Кальяо было надзвычай ажыўлена і людна. Марскі міністр даў распараджэнне партоваму буксіру «Гуардзіян Рыас» вывесці нас з бухты і далей у адкрытае мора за паласу кабатажнага плавання — туды, куды ў даўно мінулыя часы выходзілі на рыбную лоўлю індзейцы на сваіх плытах. Газеты прысвяцілі гэтай сенсацыі артыкулы пад чырвонымі і чорнымі шапкамі, і 28 красавіка натоўпы народу з самай рашцы запоўнілі набярэжныя.