Мы павінны былі ўсе сабрацца на плыце ў пачатку адзінаццатай гадзіны раніцы, а да таго часу ў кожнага з нас знайшліся розныя справы ў горадзе. Калі я з’явіўся на набярэжнай, на плыце знаходзіўся адзін Герман. Я знарок спыніў машыну даволі далекавата і прайшоўся па ўсім моле, каб як след размяць ногі напаследак перад плаваннем, аб працягласці якога ніхто не мог бы сказаць нічога пэўнага. Я скочыў на плыт, завалены без усякага парадку кучамі бананаў, кашамі і мяшкамі з садавінай, якія былі скінуты на палубу ў самую апошнюю хвіліну і якія мы павінны былі прывесці да ладу і папрывязваць, як толькі хоць крыху апамятаемся пасля адплыцця. Пасярод гэтай гары пакорліва сядзеў Герман; яго рука ляжала на клетцы з зялёным папугаем — развітальным падарунку нейкай сяброўскай душы ў Ліме.
— Папільнуйце хвілінку папугая, — сказаў Герман. — Я павінен сысці на бераг і выпіць апошнюю шклянку піва. Буксір прыйдзе не так хутка.
Толькі ён знік у натоўпе на набярэжнай, як людзі пачалі махаць рукамі і на штосьці паказваць. З-за краю мола, плывучы на поўнай хуткасці, паказаўся буксір «Гуардзіян Рыас». Ён стаў на якар на тым баку цэлага лесу мачтаў, якія заміналі яму падысці да «Кон-Цікі», і ад яго адплыў вялікі маторны кацер, каб правесці нас між яхтамі. Кацер быў увесь запоўнены ваеннымі маракамі — матросамі і афіцэрамі — і кінааператарамі; пакуль аддаваліся загады і пстрыкалі камеры, моцны буксірны канат быў прывязаны на носе плыта.
— Un momento![22]
— закрычаў я спалохана, не ўстаючы з месца, дзе я сядзеў з папугаем. — Яшчэ занадта рана. Трэба пачакаць астатніх — los expedicionarios[23], — спрабаваў я растлумачыць, паказваючы ў бок горада.Але ніхто не разумеў мяне. Афіцэры толькі ветліва ўсміхаліся, і канат на носе плыта быў замацаваны паводле ўсіх правілаў. Я адвязаў канат і скінуў яго ў ваду, суправаджаючы свае дзеянні ўсякімі, знакамі і жэстамі. Папугай, скарыстаўшы зручны момант у агульнай мітусні, высунуў дзюбу з клеткі і павярнуў зашчапку ў дзверцах; калі я азірнуўся, ён ужо весела пахаджваў па бамбукавай палубе. Я паспрабаваў злавіць яго, але ён, крыкнуўшы некалькі слоў па-іспанску, якія не маглі азначаць нічога іншага, апрача лаянкі, — гэта я ведаў, — пераляцеў на кучу бананаў. Сочачы адным вокам за матросамі, якія стараліся зноў накінуць канат на нос, я пачаў ганяцца за папугаем. Ён з крыкам уляцеў у бамбукавую каюту, і там я загнаў яго ў кут і схапіў за нагу ў той самы момант, калі ён хацеў пераляцець цераз мяне. Калі я зноў з’явіўся на палубе і запіхнуў маю трапяткую здабычу ў клетку, матросы на беразе паспелі ўжо зняць прычалы плыта, і ён бездапаможна танцаваў на доўгай хвалі, што дакацілася да нас з-за мола. У роспачы я схапіў кароткае вясло, дарэмна стараючыся не даць плыту ўдарыцца аб пáлі набярэжнай. Потым маторны кацер рушыў з месца; адзін рывок — і «Кон-Цікі» пачаў свой далёкі шлях. Адзіным маім спадарожнікам быў папугай, які ўмеў гаварыць па-іспанску; ён сядзеў, надзьмуўшыся, у клетцы. Натоўп на беразе радасна крычаў і махаў рукамі, а смуглявыя кінааператары ў маторным кацеры ледзь не падалі ў мора, як мага стараючыся зняць кожную дэталь драматычнага адплыцця экспедыцыі з Перу. У адчаі я адзінока стаяў на плыце, выглядаючы знікшых спадарожнікаў, але ніхто не з’яўляўся. Так мы падплылі да «Гуардзіян Рыас», які чакаў нас пад парай, гатовы зняцца з якара і рушыць у дарогу. Як згледзець вокам, я ўскарабкаўся па вяровачнаму трапу і нарабіў на параходзе такога шуму, што адплыццё было адкладзена і маторны кацер рушыў назад да набярэжнай. Яго не было досыць доўга, а потым ён вярнуўся, поўны прыгожанькіх сеньярыт, але без ніводнага члена экіпажа «Кон-Цікі». Усё гэта было вельмі прыемна, але ніколькі не рабіла лягчэйшым маё становішча; чароўныя сеньярыты стоўпіліся на плыце, а кацер паплыў зноў на пошукі los expedicionarios noruegos[24]
.Тым часам Эрык і Бенгт, не спяшаючыся, спускаліся да набярэжнай з ахапкам газет і часопісаў і рознай дробяззю ў руках. Насустрач ім ішоў натоўп людзей, якія разыходзіліся па хатах; нарэшце ля паліцэйскай заставы іх спыніў нейкі паслужлівы чын, які паведаміў ім, што глядзець больш няма на што. Бенгт, грацыёзна размахваючы цыгарай, запярэчыў паліцэйскаму, што яны прыйшлі не як гледачы; яны самі павінны плысці на плыце.
— Гэта немагчыма, — спагадліва сказаў паліцэйскі. — «Кон-Цікі» адплыў гадзіну таму назад.
— Гэтага не можа быць! — усклікнуў Эрык, дастаючы адзін з пакетаў. — У мяне тут ліхтар!
— А вось гэта штурман, — дадаў Бенгт, — а я суднавы аканом.
Яны прарваліся праз ланцуг, але плыта сапраўды не было.
У роспачы яны хадзілі сюды-туды па молу, дзе і сустрэліся з астатнімі ўдзельнікамі экспедыцыі, якія таксама нецярпліва шукалі свой знікшы плыт. Тут яны ўбачылі кацер, які падыходзіў да берага, і неўзабаве мы ўсе былі, нарэшце, разам, і вада вакол плыта запенілася, калі «Гуардзіян Рыас» павёў нас на буксіры да адкрытага акіяна.