Больш за ўсё нам падабалася апускацца ў ваду, калі нас наведвалі вялікія тунцы з залатымі плаўнікамі. Іншы раз яны прыплывалі да плыта вялікімі чародамі, але часцей з’яўляліся па два або па тры і некалькі дзён запар апісвалі вакол нас спакойныя кругі, пакуль нам не ўдавалася падчапіць іх на кручок. З плыта яны здаваліся проста вялікімі нязграбнымі рыбінамі бураватага колеру, без якіх-небудзь там упрыгожанняў; але калі мы спускаліся да іх у іхнюю ўласную стыхію, яны раптам ні з таго ні з сяго змянялі і колер і форму. Змена гэтая была такая незразумелая, што мы некалькі разоў вымушаны былі падымацца на паверхню і зноў вызначаць напрамак, каб праверыць, ці тыя самыя гэта рыбы, на якіх мы глядзелі ў вадзе. Вялікія рыбіны не звярталі на нас ніякай увагі; яны па-ранейшаму спакойна рабілі свае велічныя манеўры і набывалі такую зграбную форму, якой мы не бачылі ні ў адной іншай рыбы, а іх афарбоўка рабілася бледна-ліловай, з металічным адценнем. Сваімі дасканалымі прапорцыямі і абцякаемай формай яны нагадвалі магутныя тарпеды, што зіхацяць серабром і сталлю, і ім дастаткова было ледзь-ледзь паварушыць адным або двума плаўнікамі, каб іх тулава вагой 70—80 кілаграмаў з невыказнай зграбнасцю пачынала слізгаць у вадзе.
Чым бліжэй знаёміліся мы з акіянам і яго жыхарамі, тым менш мы дзівіліся, і тым больш прывычным ён рабіўся для нас. I мы навучыліся паважаць старажытныя першабытныя народы, якія жылі ў цеснай сувязі з Ціхім акіянам і таму ведалі такія яго асаблівасці, аб якіх мы не маем уяўлення. Вядома, мы ўстанавілі цяпер, колькі солі знаходзіцца ў вадзе акіяна, і далі тунцам і залатым макрэлям лацінскія назвы. Старажытныя палінезійцы гэтага не зрабілі. I ўсё ж баюся, што першабытныя народы мелі аб акіяне больш правільнае ўяўленне, чым мы.
Тут, у акіяне, амаль не было вехаў, якія б паказвалі дарогу. Хвалі і рыбы, сонца і зоркі з’яўляліся і знікалі. Меркавалася, што ніякай сушы не існуе на ўсёй прасторы, роўнай 4 300 марскім мілям, якія аддзяляюць астравы Паўднёвага мора ад Перу. Таму мы вельмі здзівіліся, калі, набліжаючыся да 100° заходняй даўжыні, убачылі, што на карце Ціхага акіяна, проста перад намі па курсу, якім мы плылі, маленькім кружочкам абазначана падводная скала. Паколькі карта была выдадзена ў гэтым годзе, мы заглянулі ў «Лоцыю Паўднёвай Амерыкі». Мы прачыталі: «У 1906, а затым зноў у 1926 годзе былі заўважаны буруны прыкладна на адлегласці ў 600 міль на паўднёвы захад ад астравоў Галапагос, пад 6° 42' паўднёвай шырыні, 99° 43' заходняй даўжыні. У 1927 годзе параход прайшоў за адну мілю на захад ад гэтага пункта, але з яго не заўважылі ніякіх бурунаў; у 1934 годзе другі параход прайшоў за адну мілю на поўдзень ад гэтага месца і таксама не выявіў ніякіх слядоў бурунаў. Маторнае судна «Кауры» ў 1935 годзе, робячы прамеры, не дасягнула ў гэтым пункце дна на глыбіні 300 метраў».
Паводле карт, плаванне ў гэтым раёне ўсё яшчэ лічылася справай рызыкоўнай, але паколькі нашаму плыту пры занадта блізкім набліжэнні да мелі пагражала меншая небяспека, чым судну з глыбокай асадкай, мы вырашылі накіравацца проста да месца, адзначанага на карце, і паглядзець, што там знаходзіцца. Падводная скала была адзначана крышку на поўнач ад таго пункта, да якога мы, відаць, трымалі курс; таму мы павярнулі руль управа і падцягнулі чатырохкутны парус так, што нос плыта быў нацэлены прыкладна на поўнач, а хвалі і вецер мы сустракалі з правага борта. Цяпер у нашы спальныя мяшкі трапляла ціхаакіянскай вады трохі больш, чым звычайна; ды і вецер у гэты час значна ўзмацніўся. Але мы з радасцю пераканаліся, што «Кон-Цікі» можна зусім упэўнена кіраваць, ідучы нават пад вельмі вялікім вуглом у бок ветру, калі толькі мы не гублялі яго. У такім выпадку парус пачынаў паласкацца, і мы вымушаны былі выконваць цыркавыя нумары, каб прымусіць плыт зноў слухацца руля. На працягу двух дзён і начэй мы вялі плыт на паўночна-паўночны захад. Хвалі ўзнімаліся высока, і калі пасат зрабіўся няўстойлівым і дзьмуў то з паўднёвага ўсходу, то з усходу, яны ішлі ўжо няспыннымі радамі; але мы плылі і плылі, узнімаючыся і апускаючыся разам з валамі, што падалі на нас. На верхавіне мачты ўвесь час хто-небудзь дзяжурыў, і калі плыт падымаўся на грэбень, гарызонт перад намі значна пашыраўся. Грабяні хваль узнімаліся амаль на два метры вышэй даху нашай бамбуковай каюты; а калі дзве магутныя хвалі навальваліся на нас адначасова, то, сутыкнуўшыся, яны ўзляталі яшчэ вышэй і ператвараліся ў шыпячы вадзяны смерч, які мог наляцець на нас з любога боку. Калі настала ноч, мы забарыкадавалі ўваход у каюту скрынямі з прадуктамі; але акіян раз-по-раз парушаў наш спакой. Не паспелі мы заснуць, як затрашчала бамбукавая сцяна; тысячы струменяў вады фантанамі паліліся на нас праз бамбукавую пляцёнку, а ўспенены паток лінуў на скрыні з прадуктамі, а потым — усярэдзіну каюты.