Калі першая хваля дагнала нас, плыт задраў карму ўгору і ўбок і ўзняўся на грэбень, які ў гэты момант якраз рынуўся ўніз, і ўсё зашыпела і закіпела вакол нас. Мы плылі сярод хаосу бурлівай пены, між тым як сама магутная хваля перакочвалася пад намі. Нос узляцеў угору апошнім, калі хваля прайшла, і мы пачалі слізгаць кармою ўніз у вялізную яміну між хвалямі. Адразу ж наляцела, уздыбіўшыся, другая сцяна вады, і нас зноў шпарка падкінула ўгору, а празрыстыя патокі вады наваліліся ззаду, калі мы ўзляцелі на грэбень. Цяпер плыт павярнула бортам да хваляў, і было зусім немагчыма хутка надаць яму патрэбны кірунак. Наступная хваля наблізілася і ўзнялася з успененых касмылёў пены, нібы зіхатлівая сцяна, верхні край якой абваліўся, як толькі яна дагнала нас. Калі вал накрыў плыт, мне нічога не заставалася рабіць, як моцна ўхапіцца за бамбукавую жэрдку, што тырчала з-пад даху каюты; так я стаяў, затаіўшы дыханне, адчуваючы, як плыт падкінула высока ўгору і ўсё вакол мяне імкліва пацягнулі за сабой шыпучыя ўспененыя віры. Яшчэ момант — і мы з «Кон-Цікі» зноў былі над вадой і спакойна слізгалі ўніз па спадзістым баку хвалі. А потым хвалі зноў зрабіліся нармальнымі. Тры вялізныя валы імчаліся наперадзе нас, а за кармою ў святле месяца мы бачылі ланцужок какосавых арэхаў, якія пагойдваліся на вадзе.
Апошняя хваля моцна ўдарыла па каюце, так што Тарстэйн у радыёрубцы паляцеў дагары нагамі, а астатнія адразу прачнуліся, напалоханыя шумам; з-пад бярвенняў і праз сцяну ў каюту лінула вада. З левага боку ў насавой частцы палубы бамбукавы насціл быў сарваны, і ў гэтым месцы чарнела дзірка, падобнач на невялікую варонку ад снарада; наш вадалазны кош расплюшчыла аб выступ носа, але ўсё астатняе засталося непашкоджаным. Адкуль узяліся гэтыя тры вялізныя хвалі, мы так ніколі і не здолелі больш-менш упэўнена растлумачыць; магчыма, яны былі выкліканы нейкімі тэктанічнымі рухамі дна акіяна, якія для гэтых раёнаў з’яўляюцца досыць звычайнымі[36]
.Праз два дні нам давялося перажыць першы шторм. Пачалося з таго, што вецер зусім сціх, і белыя пёрыстыя воблакі, якія пры пасаце плылі над намі ў нябеснай сіні, былі раптам выціснуты чорнай градой густых хмар, што набеглі з поўдня з-за небасхілу. Потым пачаліся парывы ветру з самых нечаканых бакоў, так што рулявы на вахце страціў усякую магчымасць кіраваць плытом. Як толькі нам удавалася павярнуць карму ў бок новага напрамку ветру і парус роўна і пругка надзімаўся, парывы ветру адразу ж наляталі з другога боку і парус траціў свае гордыя абрысы, пачынаў паласкацца і лопаць па чым папала, ствараючы небяспеку для каманды і грузу Пасля гэтага вецер раптам пачаў упарта дзьмуць з таго боку, адкуль насоўвалася непагадзь. I калі чорныя хмары заклубіліся над намі, вецер узмацніўся і паступова перайшоў у сапраўдны ўраган.
Неўзабаве хвалі расхадзіліся так, што пачалі ўзнімацца вакол нас на вышыню да пяці метраў, а асобныя грабяні з шыпеннем імчаліся на вышыні шасці — васьмі метраў, і калі мы апускаліся паміж дзвюма хвалямі, яны былі на адным узроўні з верхавінай нашай мачты. Усе мы, сагнуўшыся ў тры пагібелі, ледзь трымаліся на палубе, а вецер трос бамбукавую сцяну і свістаў і выў ва ўсіх снасцях.