Як толькі надвор’е крыху палепшала, усе вялікія рыбы вакол нас нібы ашалелі. Акіян паблізу ад плыта кішэў акуламі, тунцамі, залатымі макрэлямі і параўнальна нешматлікімі перапуджанымі банітамі; усе яны слізгалі пад самым плытом або ў хвалях побач з ім. Сярод іх ні на хвіліну не спынялася зацятая смяротная барацьба. Спіны вялізных рыбін, выгінаючыся, высоўваліся з вады; драпежнікі раптам зрываліся з месца і кідаліся ў пагоню, і вада вакол плыта не адзін раз густа афарбоўвалася крывёю. Біліся галоўным чынам тунцы і залатыя макрэлі; макрэлі плылі вялікімі чародамі, яны рухаліся куды хутчэй, чым звычайна, і трымаліся ўвесь час насцярожана. Нападалі тунцы; досыць часта мы бачылі, як рыба кілаграмаў 70—80 вагою падскаквала высока ў паветра, трымаючы ў пашчы скрываўленую галаву макрэлі. У той час як асобныя залатыя макрэлі стрымгалоў уцякалі ад тунцоў, якія гналіся за імі па пятах, чарада макрэлей не адступала перад ворагам, хоць некаторыя з іх звіваліся ў вадзе з вялікімі адкрытымі ранамі на шыі. Час-ад-часу і акул, здавалася, ахоплівала сляпое шаленства, і мы бачылі, як яны даганялі і хапалі вялікіх тунцоў, для якіх акула з’яўляецца дужэйшым за іх саміх ворагам.
Не відаць было ніводнага мірнага маленькага лоцмана. Магчыма, іх паелі раз’юшаныя тунцы, ці, можа, яны пахаваліся ў шчыліны пад плытом або ўцяклі далей ад поля бою. Мы не асмельваліся апусціць галаву ў ваду, каб заглянуць пад плыт.
Знаходзячыся аднойчы на карме па сваёй патрэбе, мне давялося перажыць вялікі страх — пазней я не мог без смеху ўспамінаць аб гэтым пачуцці поўнай разгубленасці, што ахапіла мяне тады. Мы прывыклі да невялікіх хваль у нашай прыбіральні; але я быў страшэнна перапалоханы, калі раптам атрымаў моцны ўдар ззаду чымсьці вялікім, халодным і вельмі цяжкім: гэтае «нешта» вынырнула пада мной з вады і нагадвала галаву акулы. Перш чым я паспеў апамятацца, я ўжо карабкаўся ўверх па штагу з такім адчуваннем, што ў маю заднюю частку ўчапілася акула.
Герман, які аж павіс на рулявым вясле, увесь курчачыся ад рогату, расказаў мне, што вялікі тунец плазам пляснуў мяне па голым месцы сваімі 70 кілаграмамі халоднай рыбінай тушы. Пазней, калі Герман, а потым Тарстэйн стаялі на вахце, тая самая рыбіна спрабавала ўскочыць на плыт з хвалямі, што набягалі на карму; двойчы гэтая здаравенная рыбіна была ўжо на краі бярвенняў, але кожны раз яна зноў зрывалася за борт, перш чым нам удавалася схапіць яе за слізкае тулава.
Праз нейкі час вялікі ашалелы баніт трапіў з хваляй проста на плыт, і мы вырашылі скарыстаць яго і злоўленага перад тым тунца для рыбнай лоўлі, каб навесці парадак у крывавым хаосе, што акружаў нас.
У нашым дзённіку запісана:
«Першай трапіла на кручок і была выцягнута на плыт двухметровая акула. Як толькі мы дасталі кручок, яго праглынула двухзпаловайметровая акула, якую мы таксама выцягнулі на борт. Калі кручок быў зноў закінуты ў ваду, на яго трапіла яшчэ адна двухметровая акула; мы падцягнулі яе на край плыта, але тут яна вызвалілася і нырнула. Кручок адразу ж закінулі зноў, і яго схапіла двухзпаловайметровая акула, з якою ў нас распачалася зацятая барацьба. Мы ўжо выцягнулі яе галаву на бярвенні, як раптам усе чатыры стальныя жылы былі перакушаны, і акула знікла ў глыбіні. Закінулі новы кручок і выцягнулі яшчэ адну акулу. Цяпер, стоячы на коўзкіх бярвеннях кармы, стала небяспечна займацца рыбнай лоўляй, бо тры акулы ўсё яшчэ час-ад-часу ўскідвалі галовы і ляскалі сківіцамі пасля таго, як мы палічылі іх за мёртвых. Мы адцягнулі акул за хвост і злажылі ў кучу на насавой частцы палубы, і неўзабаве пасля гэтага на кручок трапіўся вялікі тунец, які даў нам дыхту больш, чым любая з акул, што даводзілася нам выцягваць. Ён быў такі тлусты і цяжкі, што ніхто з нас не мог падняць яго за хвост.
Акіян усё яшчэ кішэў ашалелымі рыбамі. Яшчэ адна акула схапіла кручок, але вырвалася, калі мы траха ўжо не выцягнулі яе на плыт. Потым мы без асаблівых прыгод выцягнулі двухметровую акулу, за ёю — паўтараметровую. Затым мы злавілі яшчэ адну двухметровую акулу і выцягнулі і яе. Калі кручок быў закінуты зноў, мы выцягнулі яшчэ адну крыху большую акулу».
Куды б мы ні ступалі, усюды натыкаліся на вялікіх акул, якія, сутаргава падскакваючы, малацілі хвастамі па палубе або стукаліся аб бамбукавую каюту. Калі мы пачалі рыбную лоўлю пасля двух начэй шторму, мы ўжо былі стомленыя і змучаныя і цяпер літаральна разгубіліся, не ведаючы, якія акулы ўжо здохлі, якія яшчэ могуць, сутаргава ляскаючы сківіцамі, схапіць нас, калі мы наблізімся, і якія толькі прыкідваюцца мёртвымі, а на справе толькі падпільноўваюць нас. Калі дзевяць вялізных акул завалілі ўсю палубу вакол нас, мы былі так стомлены ад выцягвання лёсак і барацьбы з паміраўшымі акуламі, што пасля пяці гадзін цяжкай працы вырашылі адмовіцца ад далейшай лоўлі.