У той час як Эрык вёў плыт па звілістаму курсу, трымаючыся ад рыфаў на такой адлегласці, каб не магла ўзнікнуць пагроза быць уцягнутым у вір, Герман і я паплылі ў прывязанай на вяроўцы гумавай лодцы. Калі плыт ішоў правым галсам, вяроўка цягнула і нас управа, і мы падплывалі так блізка да грукацеўшых над рыфамі бурунаў, што нам удавалася кінуць позірк на сцяну вады колеру зялёнага шкла, што ўцякала ад нас; калі хвалі, круцячыся вірамі, адкочваліся назад, мы маглі ўбачыць таксама голыя рыфы, якія тырчалі з вады, нагадваючы напаўразбураную барыкаду з іржавай жалезнай руды. Наколькі сягала вока, мы не маглі заўважыць уздоўж берага ніякага праходу. Эрык завіхаўся з парусам, падцягваючы левае палотнішча і аслабляючы правае, а рулявыя з усяе сілы націскалі на вясло, і «Кон-Цікі» зноў змяняў курс і, перавальваючыся, адыходзіў з небяспечнай зоны да наступнага павароту на другі галс.
Мы з Германам сядзелі ў прывязанай да плыта лодачцы, і кожны раз, калі «Кон-Цікі» набліжаўся да рыфаў і зноў аддаляўся ад іх, у нас замірала сэрца, бо лодку адносіла так блізка да рыфаў, што мы пачыналі адчуваць, як рытм хваляў становіцца ўсё больш частым і ўсё больш нервовым і пагрозлівым. I кожны раз мы былі ўпэўнены, што цяпер Эрык занадта захапіўся, што цяпер няма ніякай надзеі вывесці «Кон-Цікі» з паласы бурунаў, якія цягнулі нас да праклятых чырвоных рыфаў. Але кожны раз Эрык спрытным манеўрам паварочваў плыт, і «Кон-Цікі» зноў шчасліва адплываў у бок адкрытага акіяна, аддаляючыся ад здрадніцкіх віроў. Увесь гэты час мы плылі ўздоўж вострава на такой блізкай адлегласці, што бачылі ўсё да самых драбніц на беразе; і гэтая райская прыгажосць была для нас недаступна: дарогу да яе перагароджвалі ўспененыя рыфы.
Прыблізна а трэцяй гадзіне дня пальмавы лес на беразе расступіўся і праз шырокі прасвет мы ўбачылі сінюю люстрана-гладкую лагуну. Але кальцо рыфаў заставалася такім жа суцэльным, як і дагэтуль, і гэтак жа злавесна шчэрыла з пены свае крывава-чырвоныя зубы. Праходу не было, пальмавы лес зноў сцяною стаяў на беразе, а мы ўсё плылі і плылі з ветрам уздоўж вострава. Праз некаторы час пальмавы лес парадзеў, і перад нашымі вачыма адкрылася ўнутраная частка каралавага вострава. Перад намі, нагадваючы вялікае ціхае горнае возера, ляжала цудоўная светлая марская лагуна, акружаная зіхатлівымі пляжамі і какосавымі пальмамі, што злёгку пагойдваліся пад павевамі ветру. Чароўны востраў зялёных пальмаў утварыў шырокае мяккае пясча,нае кальцо вакол гасціннай лагуны, а другое кальцо акружала ўвесь востраў іржава-чырвоным мячом, які ахоўваў «вароты раю».
Увесь дзень мы лавіравалі ўздоўж Ангатау і любаваліся хараством вострава, што знаходзіўся зусім блізка, траха не за дзвярыма нашай каюты. Сонца асвятляла кроны пальмаў, і ўсё на востраве здавалася райскім і радасным. Паколькі нашы манеўры паспелі стаць звыклай справай, Эрык дастаў сваю гітару і, стоячы на палубе ў перуанскім капелюшы з шырокімі палямі, іграў і спяваў сентыментальныя песні Паўднёвага мора, а Бенгт заканчваў на краі палубы ўсе падрыхтаванні да багатага абеду. Мы разбілі стары какосавы арэх, які везлі з Перу, і выпілі за здароўе маладых свежых арэхаў, што звісалі з дрэў на востраве. Уся атмасфера гэтага дня — спакой, што панаваў над лесам светла-зялёных пальмаў, якія глыбока пусцілі карэнні ў зямлю і ззялі ў праменнях сонца, спакой над белымі птушкамі, якія луналі вакол верхавін пальмаў, спакой над люстрана-гладкай лагунай і мяккім пясчаным берагам і шаленства чырвоных рыфаў, кананада і барабанны грукат у паветры — усё гэта рабіла надзвычайнае ўражанне на нас шасцярых, што з’явіліся тут з акіяна. Гэтае ўражанне назаўсёды застанецца ў нашай памяці. Цяпер не было ніякіх сумненняў, што мы дасягнулі другога боку; перад намі быў самы сапраўдны востраў Паўднёвага мора. Прычалім мы да яго ці не — гэта іншая справа, ва ўсякім разе мы даплылі да Палінезіі; неабсяжны прастор акіяна назаўсёды застаўся ў нас ззаду.
Выйшла так, што гэты святочны дзень ля Ангатау быў дзевяноста сёмым днём нашага падарожжа. Як гэта ні дзіўна, але паводле нашых разлікаў у Нью-Йорку якраз дзевяноста сем дзён складалі той мінімальна неабходны тэрмін, за які пры тэарэтычна ідэальных умовах мы маглі дасягнуць бліжэйшых астравоў Палінезіі.
А пятай гадзіне мы мінулі дзве накрытыя пальмавым лісцем хаціны, якія стаялі на беразе сярод дрэў. Ні дыму, ні іншых адзнак жыцця мы не заўважылі.