У палове шостай мы зноў рухаліся ў напрамку рыфаў; мы набліжаліся да заходняга краю вострава, і трэба было ў апошні раз паглядзець як след навокал, каб не прамінуць які-небудзь праход. Сонца стаяла ўжо так нізка, што сляпіла нас, калі мы глядзелі ўперад; але там, дзе акіян удараўся аб рыфы, за некалькі соцень метраў, за крайнім мысам вострава, мы ўбачылі ў паветры маленькую вясёлку. Цяпер абрысы мыса выразна былі відаць нам. А на беразе ў глыбіні мы заўважылі кучку нерухомых чорных плям. Раптам адна з іх павольна накіравалася да вады, а некалькі іншых шпарка падаліся да ўзлеску. Гэта былі людзі! Мы плылі ўздоўж рыфаў так блізка, як толькі маглі; вецер зусім сціх, і мы адчувалі, што вось-вось апынемся з падветранага боку вострава. Тут мы ўбачылі, што на ваду спусцілі пірогу, два чалавекі скочылі ў яе і пачалі веславаць з таго боку рыфа. Праплыўшы крыху, яны павярнулі пірогу ў бок адкрытага акіяна; мы ўбачылі, як хвалі высока падкінулі яе ў паветра, калі яна, кіруючыся проста да нас, пралятала ў праходзе паміж рыфамі.
Значыць, праход паміж рыфамі знаходзіўся тут; гэта была наша адзіная надзея. Цяпер мы маглі таксама разгледзець усю вёску, што была размешчана ў пальмавым гаі. Але цені рабіліся ўсё даўжэйшымі і даўжэйшымі, надыходзіў вечар.
Людзі, што сядзелі ў пірозе, памахалі нам рукой. Мы энергічна замахалі ў адказ, і яны наляглі на вёслы. Гэта была палінезійская пірога з балансірам, і дзве карычневыя фігуры ў майках веславалі, седзячы тварамі ўперад. Цяпер зноў пачнуцца лінгвістычныя цяжкасці. З усіх, хто знаходзіўся на плыце, толькі я, пасля свайго падарожжа на Фату-Хіву, памятаў некалькі слоў на дыялекце жыхароў Маркізскіх астравоў, але палінезійскую мову лёгка забыць з прычыны недахопу практыкі ў нашых паўночных краях.
Таму, калі пірога стукнулася аб борт плыта і два жыхары вострава ўскочылі на палубу, мы адчулі некаторую палёгку, бо адзін з іх з шырокай усмешкай на твары падаў карычневую руку і ўсклікнуў па-англійску.
— Добры вечар!
— Добры вечар, — здзіўлена адказаў я. — Вы можаце гаварыць па-англійску?
Мужчына зноў усміхнуўся і кіўнуў галавой.
— Добры вечар, — паўтарыў ён. — Добры вечар.
Гэта быў увесь яго запас чужаземных слоў, але і ён выклікаў у яго пачуццё глыбокай перавагі над сваім больш сціплым сябрам, які трымаўся на другім плане і шырока ўсміхаўся ад захаплення, што ў яго такі вучоны таварыш.
— Ангатау? — спытаў я, паказваючы ў бок вострава.
— Х’Ангатау, — сказаў мужчына і сцвярджальна кіўнуў галавой.
Эрык ганарыста глянуў на нас. Ён не памыліўся; мы знаходзіліся там, дзе павінны былі знаходзіцца паводле яго вызначэнняў.
— Маімаі хее іута, — паспрабаваў я распачаць размову.
Згодна тых ведаў, што я набыў на Фату-Хіве, гэта павінна было прыблізна азначаць: «Хочам высадзіцца на бераг».
Абодва жыхары вострава паказалі ў бок нябачнага праходу ў рыфе, і мы павярнулі рулявое вясло, збіраючыся паспрабаваць шчасця. У гэты момант з вострава падзьмулі больш рэзкія парывы ветру. Над лагунай навісла невялікая дажджавая хмара. Вецер пагражаў аднесці нас прэч ад рыфа, і мы зразумелі, што з дапамогай рулявога вясла мы не здолеем прымусіць «Кон-Цікі» лавіраваць супроць ветру пад даволі вялікім вуглом і дабрацца да вусця праходу ў рыфу. Мы зрабілі спробу намацаць дно, але якарны канат быў занадта кароткі. Цяпер нам заставалася ўзяцца за вёслы і прытым як мага хутчэй, перш чым мы апынемся ў палоне ветру. З маланкавай хуткасцю мы спусцілі парус, і кожны з нас узброіўся вялікім вяслом. Я хацеў даць па вяслу і абодвум гасцям, якія стаялі, з асалодай зацягваючыся атрыманымі ад нас цыгарэтамі. Але яны толькі энергічна трэслі галовамі і збянтэжана паказвалі напрамак.
Я стараўся знакамі даць ім зразумець, што мы ўсе павінны веславаць, і паўтараў словы: «Хочам высадзіцца на бераг». Тады больш развіты з двух сяброў нагнуўся, пакруціў у паветры правай рукой і сказаў:
— Брррррррр!..
Не было ніякага сумнення, што ён раіў нам запусціць рухавік. Астраўляне думалі, што яны знаходзяцца на палубе нейкага надзвычай цяжка нагружанага судна. Мы павялі іх на карму і прапанавалі абмацаць знізу бярвенні і пераканацца, што ў нас няма вінта. Яны былі ашаломлены, выцягнулі з рота цыгарэты і кінуліся да борта плыта; цяпер з кожнага боку сядзела, заграбаючы вёсламі ваду, па чатыры весляры. У гэты час сонца апусцілася проста ў акіян за мысам, і парывы ветру з вострава ўзмацніліся. Было падобна на тое, што мы зусім не рухаліся. Астраўляне са спалоханымі тварамі скочылі назад у пірогу і зніклі. Сцямнела, мы зноў былі адны і з усяе сілы веславалі, каб нас не аднесла ў адкрыты акіян.
Калі цемра ахутала ўвесь востраў, з-за рыфа, танцуючы на хвалях, з’явіліся чатыры пірогі, і неўзабаве натоўп палінезійцаў ускарабкаўся на борт; усе яны хацелі паціснуць нам рукі і атрымаць цыгарэты. З гэтымі хлопцамі на борце, якія добра ведалі мясцовыя ўмовы, нам не пагражала ніякая небяспека; яны не дадуць, каб нас зноў знесла ў акіян і каб мы зніклі з вачэй; значыць, сёння вечарам мы будзем на беразе!