У каюце, набітай прывязанымі каробкамі з прадуктамі і іншым грузам, панаваў сапраўдны хаос. Тарстэйну ледзьве ўдалося вызваліць для сябе месца ў радыёрубцы, дзе засгаваўся кароткахвалевы перадатчык, на якім ён не пераставаў працаваць. Мы цяпер знаходзіліся на адлегласці больш за 4 тысячы міль ад нашай старой базы ў Кальяо, адкуль Перуанскае ваенна-марское вучылішча падтрымлівала з намі пастаянную сувязь, і яшчэ далей — ад Гала і Фрэнка і іншых радыёаматараў у Злучаных Штатах. Але нам пашанцавала напярэдадні ўстанавіць сувязь з заўзятым аматарам-кароткахвалевіком, які жыў на Раратонзе, адным з астравоў архіпелага Кука; нашы радысты, насуперак усім звычаям, дамовіліся зноў наладзіць сувязь з ім на світанні. I ўвесь час, пакуль нас адносіла ўсё бліжэй і бліжэй да рыфа, Тарстэйн сядзеў, стукаючы ключом, і выклікаў Раратонгу.
Запісы ў суднавым журнале «Кон-Цікі» гавораць:
«8. 15. Мы павольна набліжаемся да зямлі. Цяпер ужо няўзброеным вокам відаць асобныя пальмы з правага борта.
8. 45. Вецер змяніўся і дзьме зараз у яшчэ больш неспрыяльным для нас напрамку, так што ніякай надзеі абмінуць рыф няма. На плыце ніхто не нервуецца, але на палубе ідуць паспешлівыя падрыхтаванні. На рыфе перад намі відаць штосьці падобнае на каркас разбітага парусніка, але, магчыма, гэта толькі куча плаўніку.
9. 45. Вецер нясе нас проста на перадапошні востраў, але на дарозе нас падпільноўвае рыф. Цяпер мы выразна бачым увесь каралавы рыф; тут ён паўстае перад намі, нібы спярэшчаны белым і чырвоным бар’ер, які тырчыць з вады і апаясвае ўсе астравы. Уздоўж усяго рыфа белы ўспенены прыбой узлятае да неба. Бенгт падае нам добрае гарачае снеданне — перакусваем апошні раз перад вялікай падзеяй! На рыфе ляжыць касцяк разбітага судна. Мы падплылі цяпер так блізка, што бачым за рыфам зіхатлівую лагуну і можам распазнаць абрысы іншых астравоў з таго боку яе».
Калі гэты запіс быў зроблены, глухое вурчанне бурунаў зноў наблізілася; яно чулася ўздоўж усяго рыфа, і паветра поўнілася чымсьці накшталт трывожнага барабаннага пошчаку, які абвяшчаў набліжэнне хвалюючага канца плавання.
«9. 50. Цяпер зусім блізка. Нас нясе ўздоўж рыфа. Да яго не больш за сто метраў. Тарстэйн размаўляе з чалавекам з Раратонгі. Усё гатова. Пара ўпакаваць журнал. Ва ўсіх настрой бадзёры; здаецца, справы кепскія, але мы адолеем і гэтую перашкоду!»
Праз некалькі мінут якар паляцеў за борт і зачапіўся за дно; «Кон-Цікі» апісаў паўкруг і павярнуўся кармой да бурунаў. Якар трымаў нас на працягу некалькіх вельмі каштоўных мінут, пакуль Тарстэйн, як звар’яцелы, выстукваў ключом. Яму зноў удалося звязацца з Раратонгай. Буруны грукаталі, і акіян раз’юшана ўзнімаўся і апускаўся. Увесь экіпаж быў заняты на палубе, а Тарстэйн вёў размову. Ён перадаў, што нас нясе на рыф Рароіа. Ён папрасіў Раратонгу слухаць нас на той самай хвалі кожную гадзіну. Калі пасля 36 гадзін ад нас не будзе ніякіх вестак, хай Раратонга паведаміць аб усім нарвежскаму пасольству ў Вашынгтоне. Апошнія словы Тарстэйна былі: «О кэй. Засталося 50 метраў. Пачынаецца. Да пабачэння». Потым ён выключыў радыёстанцыю, Кнут запячатаў дакументы, і абодва хуценька выбраліся на палубу і далучыліся да астатніх, бо ўжо стала ясна, што якар пачынае здаваць.
Хвалі рабіліся ўсе вышэйшымі і вышэйшымі, а яміны між імі ўсё глыбейшымі, і мы адчувалі, як плыт кідала ўгору і ўніз, угору і ўніз усё мацней і мацней. Я пракрычаў ранейшы загад:
— Трымайцеся, не думайце пра груз, трымайцеся самі!
Мы былі цяпер так блізка ад страшэннага вадаспада, што больш не чулі нязмоўчнага настойлівага выцця ўздоўж усяго рыфа. Цяпер мы чулі толькі асобныя грамавыя раскаты кожны раз, калі бліжэйшы бурун з грукатам налятаў на скалы.
Усе стаялі напагатове; кожны моцна ўхапіўся за вяроўку, якую ён лічыў самай моцнай. Толькі Эрык у апошні момант палез у каюту; ён не паспеў яшчэ выканаць аднаго пункта праграмы — ён не знайшоў сваіх чаравікаў!
Ніхто не стаяў на карме, бо якраз кармой плыт павінен быў ударыцца аб рыф. Не былі надзейнымі і два трывалыя штагі, што ішлі ад верхавіны мачты да кармы; калі мачта абваліцца, то тыя, хто будзе трымацца за іх, павіснуць за плытом над рыфам. Герман, Бенгт і Тарстэйн залезлі на скрыні, што былі прывязаны перад сцяною каюты; Герман учапіўся за адцяжкі ад вільчака даху, а два другія трымаліся за шкоты, з дапамогай якіх мы калісьці ставілі парус.
Кнут і я палічылі за лепшае трымацца за штаг, які ішоў ад носа да верхавіны мачты; калі нават мачта, каюта і ўсё астатняе паляціць за борт, думалі мы, усё-такі вяроўка, што ідзе ад носа, застанецца на плыце, паколькі мы былі павернуты цяпер носам да хваль.